Лявоніха — народны парна-масавы беларускі танец, які выконваецца на мелодыю аднайменнай песні, якая пачынаецца са слоў «А Лявоніху Лявон палюбіў…». Таксама танец вядомы ў Польшчы[1]. Лявоніха шырока вядомая па ўсёй Беларусі[2].
Музыка танца народная, музычны памер 2/4.
Кампазіцыйна будуецца на нескладаных рухах, якія выконваюцца ў хуткім тэмпе. Рухі танцораў самыя розныя: дробат, галоп, прытупы, просты крок, падэбаск і г. д., яны часта суправаджаюцца плясканнем у далоні[2].
Лявоніха спаўняецца як у масавых, так і ў сольных варыянтах. У масавых варыянтах малюнкі самыя разнастайныя: круг, шэн, зорачкі, карона, варотцы, до-за-до, кружэнне ў парах пад рукі[3]. У некаторых рэгіёнах Лявоніха выконвалася, як сольны танец, калі выканаўцы па аднаму выходзілі ў сярэдзіну круга і паказвалі сваё майстэрства. Пры такім выкананні была дапушчальная вялікая доля імправізацыі[2][3].
На вяселлі «Лявоніха» была галоўным танцам, а на вячоркі выконвалася пасля «Лянцэя» і суправаджалася разнастайнымі жартаўлівымі прыпеўкамі, напрыклад:
А Лявоніха не ладна была,
Нямытую мне кашульку дала,
Нямытую, не качаную,
У суседа пазычаную.
У сцэнічных нацыянальных касцюмах, якія лягчэй і карацей традыцыйнай вопраткі Лявоніха выглядае яшчэ больш імклівай і жывой[4].
Арыгінальнае сцэнічнае рашэнне гэтага танцу знайшоў, напрыклад, балетмайстар В. Ямінскі. У пастаноўцы, ажыццёўленай ім у народным ансамблі танца, танчаць адны дзяўчыны, ствараючы атмасферу нязмушанай весялосці. Удала знойдзеныя тут выразныя сродкі, якія пераканаўча раскрываюць характар і ўзаемаадносіны танцуючых[5].
К. А. Алексютовіч у сваіх пастаноўках узбагаціў малюнак Лявоніхі маляўнічымі ўзорамі. Кампазіцыя танца стала цікавей, багацей і разам з тым прасцей. Танец набыў сцэнічную форму.
У балеце «Салавей» (пастаноўка А. Ермалаева) Лявоніха, якую паставіў К. Алексютовіч, была фінальнай сцэнай спектаклю. На дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве ў 1941 годзе фінальны танец балета танчыла адначасова 100 пар[6]. М. С. Галаванаў(руск.) бел. так ахарактарызаваў яго[7]:
«Лявоніха», пастаўленая тав. Алексютовічам, можа быць аднесена да лепшых узораў нацыянальнага танцавальнага мастацтва |
Сцэнічную версію танца ставілі многія харэографы, у тым ліку Ларыса Ляшэнка[8].
Таксама «Лявоніха» выкарыстана ў балетах «Аповесць пра каханне», пастаноўка А. Ермалаева, «Князь-возера», пастаноўка К. Мулера.
«Лявоніху» ў шэрагу найбольш распаўсюджаных на ігрышчах танцаў адзначаў у сваёй кнізе Е. Э. Сно[9]. А. Грыневіч адзначаў[10] іншыя назвы танца: «Крутуха», «Круцёлка», «Падарожная».
Першая публікацыя танца «Лявоніха» была ў складзе музычнай камедыі «Тарас на Парнасе» кампазітара Іосіфа Шадурскага ў зборніку «С околиц Витебска», але на думку беларускага музыказнаўцы Б. С. Смольскага напеў Лявоніхі можа ўзыходзіць да далёкіх часоў мастацтва скамарохаў. Гэтая тэорыя пацвярджаецца даследаваннямі В. Цукермана(руск.) бел.[4].
А. Макаёнак напісаў твор «Лявоніха на арбіце».
Мелодыя «Лявоніхі» гучыць у 2-й частцы 9-й сімфоніі(руск.) бел. Людвіга Бетховена[11][12][13].
Назву ‘Лявоніха’ носіць сорт морквы[14], вяргіні.