wd wp Пошук:

Краснапольскі строй

Краснапольскі строй — традыцыйны комплекс беларускага народнага адзення Падняпроўя. Бытаваў у XIX — сярэдзіне XX ст. пераважна ў Краснапольскім, Касцюковіцкім, Клімавіцкім, Хоцімскім, Чачэрскім, Чэрыкаўскім раёнах. Для краснапольскага строю характэрна вялікая разнастайнасць форм адзення, багатае кампазіцыйнымі варыянтамі і арнаментальнымі матывамі мастацкае афармленне, у якім важнае значэнне, акрамя вышыўкі і ўзорыстага ткацтва, мела карункапляценне, аплікацыя.

Жаночае адзенне

Традыцыйны сялянскі жаночы касцюм (краснапольска-чачэрскі строй), багата арнаментаваны вышыўкай. Фота 2013 г.

У жаночым гарнітуры пашыраны 4 комплексы: кашуля, расхінная панёва, гарсэт, намітка; кашуля, андарак з дзесяткай (спадніца з прышытым ліфам-гарсэтам у асобных варыянтах нагадвала сарафан на лямках), 1-полкавы суконны фартух, хустка; кашуля, андарак, 4-полкавы льняны фартух, хустка; кашуля або блуза, кроеная з гесткай, крамная спадніца з прышыўным ліфам, 1-полкавы фартух, хустка. Кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі, прышытымі па ўтку, з вялікім адкладным каўняром, аздобленым па краях паскам вязаных белых карункаў або паркалёвых брыжоў. Шырокі рукаў злучаўся з плечавой устаўкай узорыстым паскам мярэжкі з чырвона-чорным геаметрычным арнаментам (капейкі). Вышыты чырвонымі, чырвона-чорнымі баваўнянымі ніткамі арнамент 8-пялёсткавых разетак, ромбаў, квадратаў кампанаваўся радамі, у шахматным парадку або размяшчаўся ў ячэйках-сотах, якія ўтвараліся перасячэннем дыяганальных або гарызантальных і вертыкальных палос. Густа нашыты на рукавы ўзор вылучаецца багаццем арнаментальных варыяцый, тонкасцю ўзораў, гармоніяй і агульнай пластыкай і аздабленнем іншых частак касцюма. Фартухі аздаблялі ўзорыстым ткацтвам, вышыўкай, аплікацыяй; панёву, андарак натыкалі клятчастым вохрыста-чырвоным арнаментам. Андарак і ліф-гарсэт часам кроілі з розных тканін: ніз з клятчастай даматканкі, ліф — з крамнай узорыстай і гладка-фарбаванай тканіны. Спадніцу шылі з ільнянога аднатоннага, клятчастага, паласатага, белага, бела-сіняга палатна. Падпяразвалі вузкім поясам, канцы якога аздаблялі дэкар. кутасамі, нізкамі разнаколернага бісеру. Галаўныя ўборы жанчын — намітка, чапец (вязаны з белых нітак або шыты з чырвоных крамных тканін), хустка. Насілі пацеркі, шыйныя бісерныя паскі, абразкі.

Мужчынскае адзенне

Мужчынскія кашулі кроілі з плечавымі ўстаўкамі (палікамі) або тунікападобныя; у іх вышывалі манішку, падол, каўнер і каўнерцы, падпяразвалі поясам. Нагавіцы шылі з палатна, шэрагаці карычневага сукна. Вопратку (світу, шубу, кажух, куртку, сак) аздаблялі нашыўкамі і аблямоўкамі фабрычных (чырвоных, сініх) тканін, аплікацыяй шнуром.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (16):
Катэгорыя·Гісторыя Краснапольскага раёна
Катэгорыя·Культура Чэрыкаўскага раёна
Катэгорыя·Гісторыя Клімавіцкага раёна
Катэгорыя·Гісторыя Хоцімскага раёна
Катэгорыя·Культура Чачэрскага раёна
Катэгорыя·Гісторыя Чэрыкаўскага раёна
Катэгорыя·Падняпроўе
Катэгорыя·Адзенне
Катэгорыя·Культура Краснапольскага раёна
Катэгорыя·Гісторыя Касцюковіцкага раёна
Катэгорыя·Культура Хоцімскага раёна
Катэгорыя·Этнаграфія Беларусі
Катэгорыя·Культура Касцюковіцкага раёна
Катэгорыя·Беларускі касцюм
Катэгорыя·Культура Клімавіцкага раёна
Катэгорыя·Гісторыя Чачэрскага раёна