Кацярына Медычы[8] (фр.: Catherine de Médicis) або Кацярына Марыя Рамола ды Ларэнца дэ Медычы (італ.: Caterina Maria Romola di Lorenzo de’ Medici) (13 красавіка 1519, Фларэнцыя — 5 студзеня 1589, Блуа) — каралева і рэгентка Францыі, жонка Генрыха II, караля Францыі з Ангулемскай лініі дынастыі Валуа. Была маці траіх сыноў, якія займалі французскі прастол на працягу яе жыцця, і мела вялікі ўплыў на палітычнае жыццё Францыі. Некаторы час кіравала краінай у якасці рэгенткі.
У 1533 годзе, ва ўзросце чатырнаццаці гадоў, Кацярына выйшла замуж за прынца Генрыха дэ Валуа, другога сына караля Францыска I і каралевы Клод. Пад афранцужанай версіяй імя, Catherine de Médicis, была каралевай з 1547 да 1559 год. На працягу свайго кіравання Генрых адхіляў Кацярыну ад удзелу ў дзяржаўных справах, замяняючы яе сваёй палюбоўніцай Дыянай дэ Пуацье, якая мела вялікі уплыў на яго. Смерць Генрыха вывела Кацярыну на палітычную арэну ў якасці маці пятнаццацігадовага караля Францыска II. Калі ў 1560 годзе ён памёр, Кацярына стала рэгенткай пры дзесяцігадовым сыне Карле IX, атрымаўшы значны ўплыў. Пасля таго як у 1574 годзе Карл памёр, Кацярына захавала свой уплыў у гады валадарання свайго трэцяга сына, Генрыха III. Ён стаў абыходзіцца без яе саветаў толькі ў апошнія месяцы яе жыцця.
Сыны Кацярыны валадарылі ў эпоху амаль бесперапынных грамадзянскай і рэлігійнай войнаў у Францыі. Перад манархіяй стаялі складаныя задачы. Спачатку Кацярына пайшла на саступкі паўсталым пратэстантам, якія ўвайшлі ў гісторыю пад імем гугенотаў, аднак затым стала праводзіць вельмі жорсткую палітыку ў дачыненні да іх. Пазней яна была абвінавачана ў празмерных ганеннях, якія праводзіліся пры кіраванні яе сыноў, у прыватнасці прынята лічыць, што Варфаламееўская ноч 24 жніўня 1572 года, падчас якой тысячы гугенотаў былі забіты ў Парыжы і па ўсёй Францыі, была справакавана Кацярынай Медычы.
Некаторыя гісторыкі разглядаюць палітыку Кацярыны як адчайныя меры, каб захаваць манархію Валуа на прастоле любым коштам, а яе апекаванне над мастацтвам як спробу праславіць манархію, прэстыж якой быў у глыбокім заняпадзе. Без Кацярыны малаверагодна, што яе сыны засталіся б ва ўладзе. Гады іх кіравання былі названы «эпохай Кацярыны Медычы». Паводле слоў аднаго з яе біёграфаў, Марка Стрэйджа, Кацярына была самай магутнай жанчынай у Еўропе XVI стагоддзя.