wd wp Пошук:

Касачовыя

Касачовыя[3] (Iridaceae) — сямейства аднадольных раслін.

Апісанне

Амаль усе касачовыя — шматгадовыя травы, часта эфемероіды з мясістымі карэнішчамі, клубнямі і цыбулінамі. Толькі прадстаўнікі паўднёваафрыканскіх родаў з’яўляюцца своеасаблівымі вечназялёнымі паўхмызнякамі з разгалінаванымі адраўнелымі сцябламі вышынёй да 0,5 м. Сцёблы некаторых травяністых раслін дасягаюць вышыні да 1,8 м. У іншых прадстаўнікоў, наадварот, сцябло рэдукавана, ад яго ў час цвіцення над паверняй зямлі з’яўляецца на вельмі кароткай стрэлцы кветка.

Лісты без чаранкоў, размешчаны звычайна двухрадна і маюць похвенную аснову і пласцінку з паралельным жылкаваннем. Найбольш распаўсюджаная форма ліставых пласцінак мечападобная, асабліва ў карэнішчавых форм. У некаторых раслін пласцінкі маюць цыліндрычную ці чатырохгранную форму. Для большасці цыбулевых і клубневых касачовых характэрна прысутнасць похваў нізавых лістоў. Ва ўсіх касачовых маюцца таксама верхавыя, похвападобныя лісты, прыкветнікі і прадлісты, якія ўтвараюць абгортку ці пакрывала для адной ці некалькіх кветак.

Кветкі актынаморфныя ці зігаморфныя, і тады двухбакова-сіметрычныя; звычайна адносна буйных памераў і сабраны ў верхакветныя суквецці, якія, аднак, могуць рэдукавацца да адной кветкі. У іншых кветкі сабраны ў аднабаковае коласападобнае суквецце, пры гэтым кожная кветка акружана абгорткай з прыкветнікаў і двухкілевага перадліста, а ў некаторых відаў кветкі сабраны даволі густымі галоўкамі.

Калякветнік касачовых венчыкападобны, трохмерны і складаецца з 2 кругоў свабодных ці зрослых у больш ці менш доўгую трубку сегментаў. Яны часта адрозніваюцца адзін ад другога па форме і велічыні, што можна бачыць на прыкладзе касача, які мае вельмі складаную будову ў сувязі з высокай спецыялізацыяй да энтамафіліі. Усе сегменты калякветніка звужаны ў аснове ў пазногцік. Долі вонкавага круга звычайна шырокія, з раснічкамі, адагнутыя кнізу і з’яўляюцца пасадачнай пляцоўкай для насякомых-апыляльнікаў; а ўнутранага круга — меншых памераў, гладкія, адагнутыя ўверх, прыкрываюць тычынкі разам з трыма лістападобнымі рыльцамі з сасочкамі на іх ніжнім боку (над тычынкай) песціка. Колер кветак касачовых розны — ад чыста-жоўтага да сіне-фіялетавага. Часта сегменты калякветніка вельмі страката афарбаваны. Тычынак 3, рэдка 6. Ніці тычынак больш-менш зрастаюцца адна з адной у трубачку, якая ахоплівае завязь. Гінецэй касачовых сінкарпны і ўтвораны 3 пладалісцікамі. Завязь амаль ніжняя, 3-гняздовая. Слупок песціка звычайна дзеліцца на 3 ліста-падобныя рыльцы з сасочкамі на іх ніжнім боку (над тычынкай). Апыленне пераважна шмялямі.

Плады касачовых даволі аднастайныя — мнаганасенныя сінкарпныя каробачкі, якія ўскрываюцца лакуліцыдна — па сярэдняй жылцы кожнага з трох пладалісцікаў. У семені касачовых, як і ў многіх іншых сем’ях аднасемядольных, вялікі эндасперм і маленькі зародак.

Пашырэнне

Сямейства ўтрымлівае 75-80 родаў і болей 1500 відаў. Шырока распаўсюджаны ў трапічных, субтрапічных і ўмераных абласцях, але асабліва шматлікія ў Міжземнамор’і, Заходняй і Усходняй Азіі, Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыцы.

Роды

Зноскі

  1. Ужываецца таксама назва Пакрытанасенныя.
  2. Пра ўмоўнасць аднясення апісванай у гэтым артыкуле групы раслін да класа аднадольных гл. раздзел «Сістэмы APG» артыкула «Аднадольныя».
  3. Киселевский А. И. Латино-русско-белорусский ботанический словарь.. — Минск: «Наука и техника», 1967. — С. 146. — 160 с. — 2 350 экз.
  4. Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 1. Ааліты — Гасцінец / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ ім. Петруся Броўкі, 1983. — 575 с., іл. — 10 000 экз. — С. 308.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Сямействы раслін
Катэгорыя·Расліны паводле алфавіта
Катэгорыя·Артыкулы з перасягнутай глыбінёй разгортвання
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю прыроды Беларусі без аўтара
Катэгорыя·Касачовыя
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю прыроды Беларусі без назвы артыкула
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю прыроды Беларусі без нумароў старонак