wd wp Пошук:

Камароўскі рынак

Камароўскі рынак — галоўны харчовы рынак Мінска, размешчаны ў Савецкім раёне Мінска (часам скарочана неафіцыйна называецца Камароўка).

Камароўка — вёска, потым і яе ваколіцы, пазней паўночна-ўсходняя ўскраіна Мінска, размешчаная за Траецкай гарой і Залатой горкай. Цяпер раён плошчы Якуба Коласа, вуліц Веры Харужай, Кульман, Куйбышава, Якуба Коласа і Гікалы.

Назва рынку паходзіць ад гістарычнай назвы мясцовасці, дзе ён быў пабудаваны — Камароўка.

Камароўка, Гандлёвыя рады, Мінск, Беларусь, 2016

Агульнае апісанне

Камароўскі рынак

Камароўскі рынак уваходзіць у структуру ўнітарнага прадпрыемства «Мінскі Камароўскі рынак», якое было створана паводле рашэння Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 27.01.1997 № 55.

Асноўным відам дзейнасці прадпрыемства з’яўляецца:

Прыярытэт у гандлі на Камароўскім рынку маюць айчынныя вытворцы. На рынку можна купіць свежы хлеб, які паступае штодзень з хлебазаводаў горада, свежую рыбу, якая пастаўляецца рыбгасамі, свініну, ялавічыну, бараніну, цяляціну, трусяціну.

У шырокім асартыменце прадстаўлена садавіна і гародніна, бакалейныя тавары, сродкі для мыцця і чысткі, друкаваная прадукцыя, царкоўныя рэчы, кветкі і іншыя тавары.

Агульная плошча рынку складае больш за 5 га, колькасць гандлёвых аб’ектаў каля 2000. Рынак падзелены на дзве часткі: крыты рынак і сезонны рынак.

Для забеспячэння бяспекі тавараў, якія рэалізуюцца на рынку, працуе Лабараторыя ветэрынара-санітарнай экспертызы, якая ўваходзіць у склад гарадской ветэрынарнай станцыі г. Мінску.

Крыты рынак

Крыты павільён быў пабудаваны ў 1980 годзе. Афіцыйнае адкрыццё адбылася 20 мая 1980 года ў адпаведнасці з загадам Упраўлення гандлю выканкама Мінскага гарадскога савета народных дэпутатаў № 91 ад 14 мая 1980 года.

Плошча гандлёвай залы складае 13 тыс. м².

Сезонны рынак

Садавіна на сезонным рынку.

На сезоннай частцы рынку, у трох сектарах, выдзелена каля 700 гандлёвых месцаў для гандлю бульбай, гароднінай і садавіной, бакалейнымі таварамі. У перыяд сезоннага збору ўраджаю тут размяшчаюць больш за сотню дадатковых вынасных сталоў для гандлю.

У чацвёртым сектары для гандлю свежамарожанай рыбай, прэсерваў, «карэйскімі салатамі» выдзелена 100 гандлёвых месцаў.

Пяты сектар прадстаўлены для рэалізацыі сваёй фірмовай прадукцыі беларускім прадпрыемствам-вытворцам.

Архітэктура

Павільён крытага рынку — першы ў БССР і адзін з буйнейшых у СССР. Архітэктуры яго характэрна сучаснае канструкцыйнае вырашэнне, выразны сілуэт, планіровачная дакладнасць і цэласнасць кампазіцыі[1].

Пабудаваны ў 1979 годзе па праекце архітэктараў В. Аладава, А. Жалдакова, У. Крывашэева, М. Ткачука. Размешчаны на рагу вуліц В. Харужай і Куйбышава. З’яўляецца важным горадабудаўнічым акцэнтам цэнтральнай часткі горада[1].

Квадратнае ў плане збудаванне. Зборна-маналітнай танкасценная абалонка вышынёй 24 м, складанай формы, без прамежкавых апор перакрывае зальнае памяшканне, стварае пластычную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю. Па перыметры залы плошчай 13 тыс. м² абсталявана шматлікімі гандлёвымі ячэйкамі, злучанымі калідорамі. Над імі размешчаны антрэсолі, на якія вядуць чатыры лесвіцы: па адной з сярэдзіны кожнага боку залы. У цэнтры перакрыцця ўзвышаецца светлавы квадратны ў плане ліхтар з эмблемай рынку. Тарцы абалонкі вырашаны ў выглядзе вялікіх арачных праёмаў, маюць суцэльнае зашкленне. Стужкавыя ўстаўкі аздоблены металічнымі дэкаратыўнымі элементамі, з боку галоўнага ўвахода — інфармацыйнымі надпісамі. У вонкавым афармленні выкарыстаны каляровае пакрыццё, дэкаратыўны тынк, керамічная плітка, пластмаса, алюміній[1].

3 процілеглага ад галоўнага ўвахода боку да гандлёвай залы прымыкае развіты блок абслугоўвання, які ўключае склады, халадзільныя камеры, лабараторыі, мыйкі, бюро гандлёвых паслуг, памяшканні для адміністрацыі, пагрузачна-разгрузачнае абсталяванне і інш. Асноўная гандлёвая зала звязана з адміністрацыйна-гаспадарчым корпусам пандусам[1].

Выдатныя мясціны

У 2002 годзе на плошчы перад Камароўскім рынкам з’явіўся фантан перад уваходам на сезонны рынак, а таксама бронзавыя скульптуры аўтарства Уладзіміра Жбанава («Конь і верабей», «Дама з сабачкам», «Фатограф»), перад уваходам на крыты рынак — скульптура аўтарства Алега Купрыянава («Гандлярка семкамі»).

Гл. таксама

Зноскі

  1. 1 2 3 4 Т. В. Габрусь 330. Павільён Камароўскага крытага рынку // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Мінск / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэдкал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш.— Мн.: БелСЭ, 1988.— 333 с.: іл. ISBN 5-85700-006-8.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (13):
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Кампаніі Беларусі
Будынкі і збудаванні Вальмена Аладава
Першамайскі раён (Мінск)
Рынкі Мінска
Кампаніі, заснаваныя ў 1979 годзе
1979 год у Мінску
Будынкі і збудаванні Уладзіміра Крывашэева
Кампаніі паводле алфавіта
Камароўка
Будынкі і збудаванні Анатоля Жалдакова
Category:%D0%A1%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%BE%D0%BD%D0%BA%D1%96 %D0%B7 %D0%BA%D0%B0%D1%80%D1%82%D0%B0%D0%BC%D1%96
Будынкі і збудаванні Міхаіла Ткачука