ГАЗ-52 / ГАЗ-53 | |
| |
Выпуск | 1961–1993 |
Вытворца | ГАЗ |
Месца вытворчасці | Горкі Ніжні Ноўгарад |
Папярэднік | ГАЗ-51 |
Пераемнік | ГАЗ-3307 |
Колавая формула | 4х2 |
Фотагалерэя на Wikimedia Commons |
ГАЗ-52 і ГАЗ-53 — сямейства савецкіх грузавых аўтамабіляў. Трэцяе пакаленне грузавых аўтамабіляў вытворчасці ГАЗ.
У мадэльны шэраг грузавых аўтамабіляў ГАЗ трэцяга пакалення ўваходзілі аўтамабілі ГАЗ-52 грузападымальнасцю 2,5 т, ГАЗ-53 грузападымальнасцю 3,0 (пазней 3,5, 4,0 і 4,5 т), і ГАЗ-66 грузападымальнасцю 2 т. Фармальна ў сямейства таксама ўваходзілі ГАЗ-56 і ГАЗ-62, але серыйна яны не выпускаліся.
Самы масавы грузавік на тэрыторыі былога СССР: агульны выпуск ГАЗ-53 склаў каля 3,5 млн. аўтамабіляў, а ГАЗ-52 — больш за 2 млн. адзінак.
Пад канец 50-х – сярэдзіне 60-х гадоў быў распрацаваны тыпаж, які прадугледжваў выпуск трох сямействаў грузавых аўтамабіляў, уніфікаваных паміж сабой. Базавым лічыўся новы грузавік ГАЗ-52 грузападымальнасцю 2,5 т, пераемнік мадэлі ГАЗ-51А. Распрацаваная для ГАЗ-52 кабіна павінна была выкарыстоўвацца на ўсіх грузавых аўтамабілях ГАЗ з капотнай кампаноўкай.
Акрамя ГАЗ-52 грузападымальнасцю 2,5 т, у мадэльны шэраг грузавых аўтамабіляў ГАЗ трэцяга пакалення ўваходзілі ГАЗ-53 грузападымальнасцю 3,0 т (пазней 4,0 і 4,5 т); ГАЗ-56, грузападымальнасць якога складала 1,0 … 1,5 т, гэты аўтамабіль павінен быў замяніць «палутарку» — ГАЗ-ММ, але серыйна не выпускаўся. Быў прадугледжаны выпуск паўнапрывадных аўтамабіляў з кампаноўкай «кабіна над рухавіком» – ГАЗ-62 грузападымальнасцю 1,2 т і ГАЗ-66 грузападымальнасцю 2 т.
Акрамя гэтага, у сярэдзіне 60-х гадоў была зроблена спроба павялічыць грузападымальнасць аўтамабіляў за кошт стварэння трохвосевых мадыфікацый. З выкарыстаннем агрэгатнай базы ГАЗ-53А ствараўся ГАЗ-33, а на базе ГАЗ-66 — ГАЗ-34. Аднак яны так і засталіся доследнымі. Усяго вырабілі адзін макетны і два доследных асобніка ГАЗ-33[1] і адзін макетны і пяць доследных асобнікаў ГАЗ-34[2]. У сямействе акрамя грузавікоў капотнай кампаноўкі былі запланаваныя і бескапотныя машыны з кабінай ад ГАЗ-66 — бартавы ГАЗ-53К і седлавы цягач ГАЗ-53П.
На замену ГАЗ-51А павінен быў прыйсці ГАЗ-52 групадымальнасцю 2,5 т. На аўтамабіле меркавалася ўсталёўваць верхнезатамкавы рухавік ГАЗ-51Ф с фаркамерна-факельным запальваннем. Таксама меркавалася ўсталёўваць узмоцненае счапленне з павялічаным дыяметрам фрыкцыённых накладак, новую чатырохступеньчатую каробку перадач, дыферэнцыял падвышанага трэння. Доследныя ўзоры былі выраблены ў 1958–1959 гадах. Масавая вытворчасць ГАЗ-52 павінна была пачацца ў 1961 годзе, але дапрацоўка фаркамерна-факельнага рухавіка зацягвала засваенне аўтамабіля, і ў рэшце рэшт вытворчасць ГАЗ-52 у яго першапачатковым выглядзе так і не пачалася.
У выніку на ГАЗ-52 усталёўваўся рухавік ад ГАЗ-51 фарсіраваны да 75 к.с. Фактычна, ГАЗ-52 уяўляў сабой ГАЗ-51А з новай кабінай, некалькі больш магутным рухавіком і мадэрнізаваным шасі. У перыяд паміж 1960–1964 была выпушчана невялікая ўстановачная партыя. У далейшым, пры зняцці з канвеера ГАЗ-51A, ад гэтага аўтамабіля пайшоў ГАЗ-52-04.
ГАЗ-52-01 (1966 – 1989 (–1993) — уяўляў сабой развіццё мадэлі ГАЗ-52A[3]. Шасі для ўстаноўкі кузаваў-фургонаў і адмысловага абсталявання.
ГАЗ-52-03 (1966 – 1973) — бартавы аўтамабіль з павялічанай колавай базай, якая складала 3700мм[4]. Знешне амаль нічым не адрозніваўся ад ГАЗ-53А, але агрэгатная база ў яго заставалася старой, уніфікаванай з ГАЗ-51А. Гэтыя машыны прызначаліся ў асноўным для перавозкі аб’ёмных, але лёгкіх грузаў, а таксама для мантажу розных надбудоў — фургонаў, лабараторый, рамонтных майстэрняў і г.д[5]. Для беспамылковай ідэнтыфікацыі, дарэчы, завод спачатку наносіў на бакавыя барты ГАЗ-52-03 фарбай пазначэнне “2,5 т”. Пасля аўтамабіль быў цалкам выцеснены мадэлямі ГАЗ-53А і ГАЗ-52-04.
ГАЗ-52-08 (1977 – 1989) — мадыфікацыя доўгабазавага шасі 52-01 на звадкаваным газе[6]. На аўтамабіль усталёўваўся рухавік з павялічанай з 6,2 да 7,0 ступенню сціску. Запас паліва — 136 л. Максімальная хуткасць — да 70 км / г.
ГАЗ-52-28 (1984 – 1988) — мадыфікацыя ГАЗ-52-01 для працы на сціснутым прыродным газе.[6]
ГАЗ-52-05 (красавік 1975 – 1989) — грузавое таксі на базе грузавіка 52-04[8]. Аўтамабіль камплектаваўся грузавой платформай з павялічанай вышынёй бартоў і тэнтам.
ГАЗ-52-02 (1966 – 1989) — шасі для самазвалаў[9]. Дадаткова камплектаваліся каробкай адбору магутнасці і гідрапомпай. Памер колавай базы — 3300 мм.
ГАЗ-52-06 — седлавы цягач, прыйшоў на змену ГАЗ-51П. Першая прамысловая партыя была выпушчаная ў 1977 годзе, а з чэрвеня 1978 года – пачаты серыйны выпуск[10]. Нягледзячы на гэта, можна сказаць, што аўтамабіль выпускаўся дробнасерыйна[11]. ГАЗ-52-06 быў разлічаны на буксіроўку тых жа прычэпаў, што і яго папярэднік ГАЗ-51П. Поўная маса паўпрычэпа, які буксіруецца цягачом, складала 6000 кг.
ГАЗ-52-07 (лістапад 1976 – 1984) — мадыфікацыя 52-04 на звадкаваным газе, рухавік магутнасцю 73 к.с., максімальная хуткасць да 70 км / г[12]. ГАЗ-52-09 (1977 – 1989) — мадыфікацыя грузавога таксі 52-05 на звадкаваным газе[13]. Аўтамабілі камплектаваліся рухавіком ГАЗ-52-07 з падвышанай да 7,0 ступенню сціску. Газавы балон умяшчальнасцю 136 л мацаваўся на левым ланжэроне рамы. Падрыхтаваная маса павялічылася на 165 кг, а грузападымальнасць засталася роўнай 2500 кг.
ГАЗ-52-27 (1984 – 1988) — грузавік на сціснутым прыродным газе[14]; Асноўнае паліва — сціснуты прыродны газ (СПГ), дублюючае — бензін А-76. Маса вырасла да 2855 кг, а грузападымальнасць знізілася да 2400 кг. Аўтамабіль меў такі ж рухавік, як і на ГАЗ-52-07, але на метане развіваў толькі 65 к.с. Чатыры газавыя балоны размяшчаліся на раме адразу ззаду кабіны і забяспечвалі запас ходу да 250 кіламетраў.
ГАЗ-52-54 — экспартная мадыфікацыя ГАЗ-52-04 для краін з трапічным кліматам[15]. ГАЗ-52-74 — экспартная мадыфікацыя ГАЗ-52-04 для краін з умераным кліматам. Экспартныя мадыфікацыі шасі ГАЗ-52-02 — ГАЗ-52-52 (для краін з трапічным кліматам) і ГАЗ-52-72 (для краін з умераным кліматам).
Серыйны выпуск ГАЗ-53 планавалася асвоіць у 1962 годзе, аднак яго вытворчасць стрымлівала адсутнасць гатовага рухавіка — новы рухавік патрабаваў дадатковых вытворчых магутнасцяў, але іх хапала толькі для дробнасерыйнай вытворчасці рухавікоў для ГАЗ-13.
Першым аўтамабілем у 53-ім мадэльным шэрагу стаў ГАЗ-53Ф, які выпускаўся ў перыяд 1961—1967.
Першы ГАЗ-53Ф быў сабраны 23 верасня 1961 года, а 14 кастрычніка таго ж года галоўны канвеер пакінула доследна-прамысловая партыя з 25 аўтамабіляў.
У сувязі з адставаннем маторнай вытворчасці V-падобнага 8-цыліндравага рухавіка, машына камплектавалася рухавіком ГАЗ-51, фарсіраваным да 82 к.с. Таксама не быў асвоены гіпоідны задні мост, таму прыйшлося ставіць звычайны ад ГАЗ-51A, але з галоўнай парай ад ГАЗ-63. Гэта дало магчымасць у нейкай ступені захаваць дынаміку аўтамабіля з павялічанай да 3500кг грузападымальнасцю. У сувязі з узрослай грузападымальнасцю былі ўжытыя шыны памерам 8,25-20 і дыскі колаў з трыма адтулінамі. Па сутнасці, ГАЗ-53Ф — гэта шасі ГАЗ-51A з падоўжанай да 3700 мм колавай базай і з кабінай грузавіка ГАЗ-52.
Да сакавіка 1962 года ГАЗ-53Ф збіраўся перыядычна — невялікімі партыямі — і толькі потым выпуск машын набыў арганізаваны характар адначасова з павелічэннем выпуску.
Выпуск ГАЗ-53Ф працягваўся да 1967 года, і ішоў паралельна з выпускам ГАЗ-53 і ГАЗ-53А, бо новых V-падобных рухавікоў не хапала. Варта адзначыць, што ГАЗ-53Ф не меў поспеху ў эксплуатацыйных арганізацый і выпускаўся толькі з-за адсутнасці дастатковай колькасці матораў ЗМЗ-53. У студзені 1967 года, калі выпуск ЗМЗ-53 быў асвоены ў запланаваных аб’ёмах, выпуск ГАЗ-53Ф быў спынены. Было выраблена 108.365 аўтамабіляў ГАЗ-53Ф[16].
На базе мадэлі ГАЗ-53Ф быў таксама распрацаваны седлавы цягач ГАЗ-53К, аднак у серыю ён не пайшоў.
Буйнасерыйную зборку рухавікоў V8 наладзілі толькі ў канцы кастрычніка 1963 года, але да канца года вырабілі толькі невялікую доследна-прамысловую партыю. Больш-менш устойлівы выпуск ГАЗ-53 пачаўся толькі ў чэрвені 1964 года. Гэтыя машыны мелі абмежаваную грузападымальнасць 3 т, паколькі на заводзе на той момант яшчэ не змаглі распачаць вытворчасць новых гіпоідных задніх мастоў. Па сутнасці ГАЗ-53 з’яўляўся мадэрнізаваным ГАЗ-53Ф, аснашчаным васьміцыліндравым рухавіком[17]. Было выраблена 3426 аўтамабіляў ГАЗ-53.
З чэрвеня 1965 года пачаў выпускацца ГАЗ-53А, які ўяўляў сабой мадэрнізаваны ГАЗ-53. Адрозненне ад папярэдняй мадэлі заключаліся ва ўзмоцненай пярэдняй восі, новай карданнай перадачы і рулявым механізме. Грузападымальнасць была павялічана да чатырох тон.
Цягам першай паловы–сярэдзіны 1980-х гадоў была праведзена мадэрнізацыя аўтамабіля, пасля якой базавы аўтамабіль атрымаў індэкс ГАЗ-53-12. Ключавымі пунктамі ў пытанні паляпшэння эксплуатацыйных паказчыкаў у параўнанні з ГАЗ-53А акрамя павышэння рэсурсу сталі зніжэнне расходу паліва і павелічэнне карыснай нагрузкі. Велічыню грузападымальнасці паднялі да 4,5 т, пад капотам грузавіка з’явіўся мадэрнізаваны 120-моцны рухавік.
Засваенне абноўленага аўтамабіля праходзіла ў два этапы. Першы этап мадэрнізацыі пачалі ў 1982 годзе. На гэтым этапе былі ўведзеныя змены, скіраваныя на падвышэнне агульнай надзейнасці вузлоў і эфектыўнасці тармазной сістэмы. Для гэтага была ўзмоцнена аснова грузавой платформы, ланжэроны і папярочкі рамы, узмоцнены картэр задняга моста, укаранёна новая задняя падвеска са змененым наборам рысор, павышана эфектыўнасць гідравакуумнага ўзмацняльніка тормазаў, а таксама з канструкцыі скрынкі перадач былі выключаныя сінхранізатары (яны традыцыйна былі слабым месцам). На гэтым жа этапе падвергнулася перагляду абліцоўванне радыятара, якое спрасцілася стала больш тэхналагічным.
На другім этапе засваення ўкараняліся змены, якія датычыліся пытанняў бяспекі: на машынах паступова з’яўляліся новая святлатэхніка, аварыйная светлавая сігналізацыя і тармазная сістэма з раздзельным па восях прывадам, двума гідравакуумнымі ўзмацняльнікамі і сігналізатарам аб разгерметызацыі аднаго з контураў. Рэалізацыя другога этапа была завершана ў 1986 годзе.
Аналагічным чынам былі мадэрнізаваныя і ўсе мадыфікацыі, у тым ліку шасі для надбудоў.
Аўтамабілі сямейства ГАЗ-52/53 уяўляюць сабой двухвосевыя грузавыя аўтамабілі капотнай кампаноўкі. Галоўны канструктар — А. Д. Прасвірнын. Вядучыя канструктары — А. І. Шыхаў, В. Д. Запойнаў. Вядучы канструктар рухавіка V8 — П. Э. Сыркін.
Аўтамабілі сямейства мелі ўніфікаваную кабіну. Кабіна — металічная, двухмесная.
Першыя версіі аўтамабіляў вызначаліся верхнім размяшчэннем фар у абліцоўванні кабіны. З 1975 года падфарнікі сталі размяшчацца над фарамі, змянілася абліцоўванне радыятара (гэтак званая «усмешка»). З канца 1984 з’яўляецца чарговая, апошняя, версія абліцоўвання — адтуліны рашоткі выцягнуліся, паваротнікі зрушыліся кожны бліжэй да свайго краю. Таксама стаў усталёўвацца некалькі зменены пярэдні буфер без верхняй падножкі-накладкі.
У 1973 годзе аўтамабілі сталі абсталёўваць бакавымі паўторнікамі паказальнікаў павароту, якія размяшчаліся на крылах кабіны, у 1978 годзе на даху кабіны з’яўляюцца штампаваныя рэбры жорсткасці.
Аўтамабілі фарбаваліся ў блакітны, светла-жоўты пясочны і хакі колеры. У 1960-ых — пачатку 1970 гадоў таксама выкарыстоўваліся колеры “кава з малаком” і “марская хваля”. Варта адзначыць, што ў адрозненні ад ГАЗ-53, абліцоўванне радыятара якога афарбоўвалася ў светла-шэры колер, аўтамабілі ГАЗ-52 заўсёды мелі рашотку радыятара аднаго колеру з кабінай[29].
На аўтамабілі ГАЗ-52 усталёўваўся мадэрнізаваны рухавік ад ГАЗ-51А — радны шасціцыліндравы і з ніжнім размяшчэннем клапанаў. Рухавік быў удасканалены з мэтай павелічэння рэсурса, а таксама, дзякуючы прымяненню іншай галоўкі блока цыліндраў і павелічэнню ступені сціску з 6,2 да 6,7, павялічылася і яго магутнасць да 75 к.с.
ГАЗ-53 меў 8-цыліндравы карбюратарны бензінавы рухавік ЗМЗ-53, з V-падобным размяшчэннем цыліндраў і верхнім размяшчэннем клапанаў. Працоўны аб’ём — 4,25 л, ступень сціску 6,7 і развіваў магутнасць 115 к.с. пры 3200 аб / хв. Рухавік меў галоўку і блок цыліндраў з алюмініевага сплава. Да канструктыўных асаблівасцяў рухавіка варта аднесці сістэму змазкі з фільтрам цэнтрабежнай ачысткі масла (цэнтрыфугай), адкрытую сістэму вентыляцыі картэра, гільзы цыліндраў мокрага тыпу. У 1983 годзе канструкцыя рухавіка была змененая. Новы рухавік ЗМЗ-53-11 адрозніваўся сістэмай змазкі з аднасекцыйным алейным насосам і поўнапатокавым алейным фільтрам, новым карбюратарам К-135, новымі галоўкамі цыліндраў з павялічанай ступенню сціску, ужываннем закрытай сістэмы вентыляцыі картэра. Ужытыя новаўвядзенні дазволілі павялічыць магутнасць рухавіка да 120 к.с. і знізіць на 5-7% расход паліва.
Аўтамабіль меў жорсткую раму з сямю папярочнымі бэлькамі[30].
У пярэдняй частцы рамы на двух падоўжных паўэліптычных рысорах замацоўвалася кованая сталёвая пярэдняя вось. У пярэднюю падвеску акрамя рысор ўключаліся таксама тэлескапічныя гідраўлічныя амартызатары.
Ззаду рама абапіралася на бэльку вядучага моста праз пару падоўжных паўэліптычных рысор, злучаных з рамай праз гумовыя падушкі. Акрамя гэтага, задняя падвеска мела дадатковыя рысоры-падрысорнікі, якія разам з асноўнымі рысорамі мацаваліся з дапамогай драбінак да пляцовак паўвосевых рукавоў.
У задняй частцы рамы ўсталёўвалася буксірная прылада з пругкім гумавым элементам. Запасное кола ўмацоўвалася на адкідным кранштэйне з левага боку рамы.
Галоўным адрозненнем самазвальных шасі з’яўлялася рама, скарочаная ў задняй навісі і пазбаўленая раскосаў у шостай папярочкі. Замест цягава-счэпнага прыбору, якім камплектаваліся звычайныя грузавікі, на вертыкальных сценках ланжэронаў самазвальных шасі мантаваліся буксірныя крукі — такія самыя, як на пярэднім бамперы.
ГАЗ-53 адрозніваўся ад ГАЗ-52 узмоцненай задняй падвескай (паўэліптычныя рысоры з закладаннем канцоў у гумавыя падушкі), гіпоідным заднім мостам, памерам колаў (шыны ГАЗ-52 — 7,50-20, ГАЗ-53 — 8,25-20). Руль, тармазы і карданныя шарніры былі ўніфікаваныя, але ў тармазной сістэме быў ужыты гідравакуумны ўзмацняльнік тармазоў[31].
Тэхнічныя характарыстыкі ГАЗ-52
Мадэль: | ГАЗ-52-03 | ГАЗ-52-04, ГАЗ-52-05 |
---|---|---|
Выпуск | 1966–1973 | 1975–1989 |
Рухавік: | 6-цыліндравы, карбюратарны, 4-тактны | |
Аб'ём, см³: | 3485 | |
Дыяметр цыліндру × ход: | 82 × 110 мм | |
Магутнасць пры аб / хв : | 75 к.с. пры 2900 аб/хв | |
Каробка перадачаў: | Механічная, чатырохступеньчатая | |
Памеры Д × Ш × В: | 6395 × 2280 × 2190 мм | 5708 × 2200 × 2150 мм |
Колавая база: | 3700 мм | 3300 мм |
Дарожны прасвет: | 245 мм | |
Кузаў: | Бартавая платформа (3740 × 2170 × 543 мм) | Бартавая платформа (3060 × 2070 × 610 мм) |
Падрыхтаваная маса: | 2815 кг | 2520 кг |
Грузападымальнасць: | 2500 кг | |
Памер шынаў: | 7,50-20" | |
Ёмістасць паліўнага бака: | 90 л | |
Максімальная хуткасць: | 70 км/г | |
Тэхнічныя характарыстыкі ГАЗ-53
Мадэль: | ГАЗ-53Ф[32] | ГАЗ-53А | ГАЗ-53-12 |
---|---|---|---|
Выпуск | 1961–01.1967 | 1965–1983 | 1983–1993 |
Рухавік: | ГАЗ-51 (фарсіраваны), 6-цыліндравы, карбюратарны, 4-тактны | ЗМЗ-53, 8-цыліндравы, V-падобны, карбюратарны, 4-тактны, | ЗМЗ-53-11, 8-цыліндравы, V-падобны, карбюратарны, 4-тактны, |
Аб'ём: | 3485 см³ | 4254 см³ | |
Дыяметр цыліндру × ход: | 82 × 110 мм | 92 × 80 мм | |
Магутнасць пры аб / хв : | 82 к.с. пры 3200 | 115 к.с. пры 3200 | 120 к.с. пры 3200 |
Каробка перадачаў: | Механічная, чатырохступеньчатая, з сінхранізатарамі на трэцяй-чацвёртай перадачах. | ||
Памеры Д × Ш × В: | 6375 × 2380 × 2220 мм | 6395 × 2280 × 2190 мм | |
Колавая база: | 3700 мм | ||
Дарожны прасвет: | ? | 245 мм | |
Кузаў: | Бартавая платформа (3750 × 2180 × 674 мм) | Бартавая платформа (3740 × 2170 × 680 мм) | Бартавая платформа |
Падрыхтаваная маса: | ? | 3250 кг | 3200 кг |
Поўная маса: | 6600 кг | 7400 | ? |
Грузападымальнасць: | 3000-3500 кг | 4000 кг | 4500 кг |
Памер шынаў: | 8,25-20" | ||
Ёмістасць паліўнага бака: | ? | 90 л | |
Максімальная хуткасць: | 75 км/г | 80 км/г | |
Выдатак паліва: | ? | ? | 30,0 л/100км |
Аўтамабілі ГАЗ-52/53 выпускаліся амаль 30 гадоў і ў свой час былі самымі масавымі грузавікамі ў СССР. Грузавікі гэтага сямейства выкарыстоўваліся практычна ва ўсіх сферах народнай гаспадаркі Савецкага Саюза: сельская гаспадарка, сфера будаўніцтва, грузавыя перавозкі (перавозкі пошты, мэблі, хлебабулачных вырабаў, харчовых і прамысловых тавараў) і інш.
На базе сямейства мантавалася значная колькасць адмысловых надбудоў. На шасі ГАЗ-52-01 і ГАЗ-53-01/ГАЗ-53-11 выпускаліся палівазапраўшчыкі і паліватранспартавальнікі, цыстэрны для перавозкі вады і малака, аўтафургоны, самазвалы, аўтамабільныя краны, пажарныя і шмат іншых, як шырока, так і вузка спецыялізаваных аўтамабіляў. Выпускаліся аўтобусы, якія выкарыстоўвалі шасі ГАЗ-52/53.
Ва ўзброеных сілах СССР аўтамабілі ГАЗ-52 і ГАЗ-53 выкарыстоўваліся ў асноўным на агульных транспартных перавозках у якасці дапаможных сродкаў дастаўкі асабістага саставу і грузаў у інтэнданцкіх, харчовых і паліўных тылавых службах, а таксама ў камунальнай гаспадарцы буйных ваенных падраздзяленняў, аэрадромаў, партоў і ваенных гарадкоў. У сістэме выканання пакаранняў ужываліся спецыяльныя аўтамабілі з закрытымі кузавамі для перавозкі арыштаваных і зняволеных (аўтазакі)[33].
Адпускная цана ГАЗ-53-12 складала 3458 рублёў 50 капеек, пры гэтым прыбытак завода складаў 510 рублёў 57 капеек з улікам надбаўкі за Дзяржаўны Знак якасці СССР. ГАЗ-52-04 прыносіў заводу толькі 30 рублёў 81 капейку прыбытку пры кошце ў 2035 руб. 50 кап[34].
У 1967–1991 гг. аўтамабілі ГАЗ-53А і 53-12 збіраліся з савецкіх зборачных камплектаў на балгарскім прадпрыемстве «Мадара» у горадзе Шумен. Характэрна, што з пачатку 70-х аўтамабілі балгарскай зборкі абсталёўвалі 80-моцным дызелем вытворчасці варненскага маторабудаўнічага завода «Васіл Колар», якія выпускаліся па ліцэнзіі англійскай фірмы Perkins. У 80-х сярэднегадавы выпуск ГАЗ-53 прадпрыемствам «Мадара» дасягнуў 3000 адзінак.
Асобныя партыі аўтамабіляў збіралі з машынакамплектаў на Кубе.
ГАЗ-53А і яго мадыфікацыі шырока пастаўляўся на экспарт. Першыя партыі на знешні рынак былі адпраўленыя адразу пасля пачатку выпуску — у 1965 годзе, а неўзабаве былі распрацаваны спецыяльныя экспартныя мадыфікацыі ГАЗ-53-50 і ГАЗ-53-70. Аўтамабілі пастаўляліся амаль у 50 краін свету. Пераважна пастаўкі ажыццяўляліся ў ГДР, Венгрыю, Чэхаславакію, Польшчу, Югаславію, Фінляндыю, Кубу, В’етнам, КНДР, Лаос і Манголію[35]. Пастаўлена на экспарт 61 100 машын[36].
ГАЗ-52 і ГАЗ-53 на Вікісховішчы |
Гэты артыкул уваходзіць у лік добрых артыкулаў беларускамоўнага раздзела Вікіпедыі. |