wd wp Пошук:

Браўншвайг-Вольфенбютэль

Браўншвайг-Вольфенбютэль (ням.: Braunschweig-Wolfenbüttel) — германскае княства ў складзе герцагства Браўншвайг-Люнебург, гісторыя якога ўяўляе сабой чараду шматлікіх падзелаў і зліццяў. Розныя галіны Вельфскай дынастыі кіравалі Браўншвайг-Вольфенбютэлем аж да распаду Свяшчэннай Рымскай імперыі ў 1806 годзе.

Да 1753 года асноўнай рэзідэнцыяй кіраўнікоў служыў замак Вольфенбютэль. Рашэннем Венскага кангрэса (1814) княства Браўншвайг-Вольфенбютэль ператворана ў герцагства Браўншвайг. Новай рэзідэнцыяй кіраўнікоў у 1753 г. была выбрана Браўншвайгская рэзідэнцыя.

Гісторыя

Атон I Дзіцё, унук Генрыха Льва, атрымаў былое аладыяльнае ўладанне сваёй сям’і (ва ўсходняй частцы Ніжняй Саксоніі і ў паўночнай частцы Саксоніі-Анхальт) ад імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Фрыдрыха II 21 жніўня 1235 года ў якасці імперскага лена пад назвай герцагства Браўншвайг-Люнебург. У 1267—1269 гады зямлі былі падзелены паміж яго сынамі.

Альбрэхт I атрымаў землі вакол Браўншвайга і Вольфенбютэля, Грубенгагена, Гётынгена і Обервальда. Так быў заснаваны стары дом Браўншвайга і закладзены асновы будучага герцагства Браўншвайг-Вольфенбютэль. Яго брат Іаган атрымаў у спадчыну землі вакол Люнебурга і тым самым заснаваў стары дом Люнебурга. Горад Браўншвайг заставаўся ў сумесным кіраванні.

У наступныя гады Браўншвайг-Вольфенбютэль перажыў яшчэ некалькі падзелаў. Так на час падзяліліся лініі Грубенгаген і Гётынген. У 1432 годзе ад сярэдняга дому Браўншвайга аддзяліліся далучаныя землі паміж горным ланцугом Дэйстэр і Лайнэ, якія сталі княствам Каленберг. Адбываліся і іншыя падзелы і зліцці.

З-за канфліктаў з жыхарамі Браўншвайга герцагі перанеслі сваю рэзідэнцыю ў 1432 годзе ў акружаны ровам замак Вольфенбютэль у багністай нізіне ракі Окер у 12 км на поўдзень ад Браўншвайга. Пасля ўжо дванаццатага падзелу ў 1495 годзе, падчас якога княства Браўншвайг-Каленберг-Гётынген ізноў распалася на свае складнікі, герцаг Генрых I атрымаў землі Браўншвайга. У назве княства замацавалася назва новай рэзідэнцыі Вольфенбютэль.

Перадапошні князь Браўншвайг-Вольфенбютэля Карл Вільгельм Фердынанд (1735—1806), як і яго папярэднікі, насіў тытул «герцага Браўншвайга і Люнебурга» і быў фельдмаршалам на прускай службе. Падчас войны Чацвёртай кааліцыі ён узначальваў прускую армію, але быў разбіты маршалам Даву ў Іенскай баталіі 14 кастрычніка 1806 года і сканаў ад атрыманых ран 10 лістапада.

Яго сын Фрыдрых Вільгельм Браўншвайг-Вольфенбютэльскі тады не мог уступіць у кіраванне спадчынай бацькі, паколькі з 1807 па 1813 год Браўншвайг-Вольфенбютэль быў заняты французамі і з’яўляўся часткай Вестфальскага каралеўства. Фрыдрых Вільгельм змог вярнуцца ў Браўншвайг толькі пасля вызвалення яго прускімі войскамі 22 снежня 1813 года. У 1814 годзе па рашэнні Венскага кангрэса княства Браўншвайг-Вольфенбютэль было ператворана ў герцагства Браўншвайг.

Гл. таксама

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Свецкія княствы Свяшчэннай Рымскай імперыі
Катэгорыя·XIII стагоддзе ў Германіі
Катэгорыя·З’явіліся ў 1269 годзе
Катэгорыя·Зніклі ў 1815 годзе
Катэгорыя·Браўншвайг
Катэгорыя·1269 год у Еўропе
Катэгорыя·Вольфенбютэль