wd wp Пошук:

Белы бусел

У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Бацян. Бу́сел бе́лы, баця́н (Ciconia ciconia) — буйная балотная птушка з сямейства бусліных.

Агульная характарыстыка

Самы вядомы прадстаўнік буслоў. Белая птушка з чорнымі канцамі крылаў, доўгай шыяй, доўгай тонкай чырвонай дзюбаю і доўгімі чырванаватымі нагамі. Тры пярэднія пальцы злучаны няпоўнай перапонкай. Белае пер’е галавы, шыі і цела кантрастуе з чорнымі пер’ямі крылаў, якія ў сонечным святле адсвечваюць зялёным і пурпуровым. Невялікі кавалак голай скуры чорнага колеру на галаве знаходзіцца вакол карычневага вока. Калі крылы ў бусла складзеныя, ствараецца ўражанне, што ўся задняя частка цела бусла чорная. Адсюль адна з яго ўкраінскіх дыялектных назваў — чорногуз[1]. Па афарбоўцы самкі не адрозніваюцца ад самцоў, але крыху меншыя па памерах. Рост белага бусла складае 100—125 см, размах крылаў 155—220 см. Маса дарослай птушкі дасягае 4 кг.

Птушаняты белага бусла ў гняздзе

Птушаняты маюць дзюбу шэрага колеру і тусклыя чырвоныя ногі. Яны таксама маюць апярэнне з шэраватым адценнем. Працягласць жыцця белага бусла ў сярэднім складае 20 гадоў.

Лёгка адрозніць голас буслоў — гучны, сухі клёкат, які атрымліваецца дзякуючы ўдарам адна аб адну часткамі дзюбы, рэдка ціхае шыпенне, маладыя пішчаць і мяўкаюць.

Пашырэнне

К. Альхімовіч. «Пейзаж з буслам»

Арэал разарваны: Пiрэнейскi паўвостраў, цэнтральная i паўднёва-ўсходняя частка Еўропы, Малая Азiя, Паўднёвая, Заходняя i Сярэдняя Азiя, а таксама Далёкі Усход на шыраце Японii разам з ёй, Паўночна-Заходняя Афрыка.

Пералёты від. Месца зiмовак: Паўднёвая i Усходняя Афрыка, Паўднёвая Азiя, Карэйскi п-аў, Японiя.

На Беларусі звычайны на гнездаванні пералётны від, транзітны мігрант. Некаторыя птушкі застаюцца на зіму.

Лягчэй за ўсё можна ўбачыць бусла на яго гняздзе, але не цяжка заўважыць гэтых птушак, калі яны палююць на вільготных лугах або на свежаскошаных палетках на грызуноў, земляных чарвякоў, лічынак насякомых, яшчарак і амфібій. Гнёзды белых буслоў маюць вялікія памеры і звычайна збудаваны на высокіх апорах, якія дазваляюць не толькі добры падлёт да гнязда, але агляд наваколля. У Еўропе буслы з’яўляюцца ўжо з сакавіку, а адлятаюць на зімоўку да канца жніўня.

Асаблівасці біялогіі

Корміцца беспазваночнымі, жабамі, яшчаркамі, вужамі, дробнымі грызунамі.

Утварае пастаянныя пары. Гнездавацца пачынае з трохгадовага ўзросту. Гнёзды (дыяметр 1,5 м, вышыня 0,5 м і больш) будуе з галля, высцілае сухой травой і мохам. Еўрапейскія белыя буслы будуюць свае гнёзды на пабудовах чалавека з Сярэднявечча. Гнёзды можна знайсці на дахах дамоў і гаспадарчых пабудоў, трубах комінаў, воданапорных вежах, слупах электра- і тэлефоннай сувязі, мурах і спецыяльна збудаваных для буслоў пляцоўках. Звычайна буслы кожны год вяртаюцца гнездаваць на тое самае месца, або недалёка ад яго. Такім чынам, некаторыя месцы выкарыстоўваюцца птушкамі на працягу сотняў гадоў! Маладыя птушкі стараюцца вярнуцца і загнездаваць як мага бліжэй да месцаў, дзе яны вылупіліся.

Яйка

Нясе ўвесну 3-4, рэдка 5-6 белых яец. Яйкi з тупым вузейшым канцом, памеры: 72 х 54 мм.

Наседжванне 33-34 сутак. Птушаняты вылятаюць праз 54-55 сутак. Нярэдка белыя буслы выкідваюць з гнязда слабае птушанё і восенню забіваюць слабых птушак.

Бусел у палёце

Бусел здольны да лунаючага палёту і можа доўга кружыць у небе. Адпачывае ў гняздзе або на дрэве. Пад восень утварае вялікія перадміграцыйныя згуртаванні.

У беларускай культуры

«Легенда пра бусла», памятная манета НБ РБ, рэверс

Белы бусел з’яўляецца сімвалам Беларусі. Маючы яго на ўвазе, Беларусь клічуць «Краінай пад белымі крыламі». Народная традыцыя забараняе рабіць шкоду гнязду бусла.

Белы бусел карыстаецца асаблівай павагай у беларусаў, яму будавалі аснову для гнязда — буслянкі. Яго лічылі ахоўнікам жытла ад Перуна, узорам суладнага сямейнага жыцця, вешчуном вясны. Паводле колераў апярэння — белы з дадаткам чырвонага і чорнага — бусел жывы носьбіт нацыянальнай сімволікі колераў, характэрнай для беларускага нацыянальнага строю.

Буслы сяліліся побач з хатамі. Дзеці, якія ўвесь час назіралі за гэтымі птушкамі, бачылі, што буслы заўсёды нешта нясуць у сваё гняздо — ці то шчэпку якую, галінку, ці то вужа, жабу, якая трапечацца ў дзюбе. Натуральна, дзеці лёгка могуць паверыць у тлумачэнне, што іхняга браціка ці сястрычку прынёс бусел.

Легендарны сюжэт аб паходжанні бусла з’яўляецца адным з папулярных этыялагічных сюжэтаў у беларусаў. Адпаведна сюжэту, бусел раней быў чалавекам. Ён не выконвае Боскага даручэння ўкінуць у раку (мора, возера, пропасць і да т. п.) мех напоўнены разнастайным «гадствам», «гнюсам» — шкоднымі мошкамі, змеямі, жабамі і інш.: ён з цікаўнасці, нягледзячы на строгую забарону, развязывае мех, «гадства» распаўзаецца і разлятаецца, а чалавек ператвараецца ў бусла, які ўсё жыццё збірае, тое, што выпусціў.

Зноскі

  1. Бокотей, Андрій (2007) (in uk). Анотований список українських наукових назв птахів фауни України (з характеристикою статусу видів).. Київ—Львів: Львівський національний університет імені Івана Франка. pp. 30. ISBN 9668734084. OCLC 225096329. https://www.worldcat.org/oclc/225096329.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Віды па-за небяспекай
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю прыроды Беларусі без нумароў старонак
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю прыроды Беларусі без назвы артыкула
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта
Катэгорыя·Бусліныя
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю прыроды Беларусі без аўтара
Катэгорыя·Жывёлы, апісаныя ў 1758 годзе