wd wp Пошук:

Белая блакітніца

Белая блакітніца, белая сініца, князёк (Parus cyanus) — птушка сямейства сініцавыя (Paridae) атраду вераб’інападобныя (Passeriformes).

Апісанне

Дробная птушка, даўжыня цела 13-14 см, маса да 10-12 г. Полавы дымарфізм не выражаны. Афарбоўка спіны блакітна-шэрая, крылаў і хваста буравата-блакітная, ад дзюбы да вачэй праходзіць блакітная палоса. Ніз цела і галава белыя. Маладыя падобныя на дарослых, але з больш шэрым верхам. Спеў з кароткiх трэляў, звязаных памiж сабой.

Пашырэнне

Белая блакітніца — птушка 2022 года. Паштовая марка Беларусі

Арэал прасціраецца праз Еўразію вузкай палосай на ўсход да Прыамур’я і ўзбярэжжа Японскага мора, а на захадзе абмежаваны тэрыторыяй Беларусі.[1] Па-за гнездавым арэалам адзначаецца ў Францыі, Германіі, Даніі, Швецыі, Фінляндыі, Эстоніі, Літве, Польшчы, Славакіі, Аўстрыі, б. Югаславіі, Румыніі, Украіне.

Птушка насяляе вільготныя лісцевыя альбо мяшаныя дрэвастоі з добра развітым лісцевым падростам — ахвотней селіцца ў рачных далінах альбо ў суседстве азёр. Акрамя гэтага, засяляе групы лісцевых зараснікаў па берагах вадаёмаў, у трыснягу альбо балотах, таксама ў парках, у гарах, у лiстоўнiчных лясах, вербнiках i ядлоўцу падымаецца да 2500 м.

Асаблівасці біялогіі

Корміцца рознымі насякомымі на ствалах і ў кроне дрэў.

У красавіку птушкі трапляюцца парамі і чародкамі з 5-7 асобін. Гняздуецца ў дуплах і шчылінах вольхаў і дубоў на вышыні 1,5-2,5 м. Будаўнічы матэрыял гнязда — мох, лазовы луб, поўсць. У кладцы 3 (магчыма больш) белых, са светла-карычневымі плямкамі яек памерамі 16,5 x 12 мм. Выводзіць патомства, магчыма, 2 разы ў год, таму што 14 чэрвеня 1952 г. ў гняздзе знойдзена свежая кладка з 3 яек, а 16 чэрвеня 1987 г. ў гняздзе былі птушаняты. Дарослыя птушкі кормяць птушанят жоўтымі вусенямі (від не вызначаны).

Зноскі

  1. У Беларусі сустрэчы з птушкамі прымеркаваны, за рэдкім выключэннем, да тэрыторыі Палесся. У 1983 г. блакітніца адзначана ў садзе каля г. Паставы, у 1952 г. гнездаванне даказана для Лунінецкага, у 1964 г. — для Пінскага, у 1987 г. — для Лельчыцкага раёнаў. На ўсход ад Пінска магчыма гняздуецца таксама ў іншых раёнах, паколькі ў гнездавы час трапілася 21 мая 1987 г. у хмызняковай пойме Прыпяці ў Жыткавіцкім раёне каля в. Хваенск 19 чэрвеня 1987 г. сярод вярбовых зараснікаў поймы каля в. Касцюковічы ў Мазырскім раёне. У негняздовы час сустрэчы з птушкамі вядомы ў красавіку 1982 г. у Столінскім раёне, у 1986—1987 гг. у лясах па р. Убарць у Лельчыцкім раёне, у лютым 1983 г. на ўскраіне Брэста.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Віды па-за небяспекай
Катэгорыя·Чырвоная кніга Беларусі
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта
Катэгорыя·Птушкі Еўразіі
Катэгорыя·Сініцавыя
Катэгорыя·Жывёлы, апісаныя ў 1770 годзе