У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Главацкі. У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Прус. Баляслаў Прус, сапр.: Аляксандр Главацкі (польск.: Bolesław Prus; 20 жніўня 1847, Грубяшоўскі павет — 19 мая 1912, Варшава) — польскі пісьменнік.
Нарадзіўся ў сям’і беднага шляхціча. Вучыўся ў Люблінскім ліцэі, адкуль у 1863 г. пайшоў у паўстанне 1863—1864 гадоў. Быў паранены, пасля арыштаваны; вярнуўся да вучобы ў Люблінскім ліцэі. Скончыўшы ліцэй Б. Прус паступіў на фізіка-матэматычнае аддзяленне Галоўнай школы ў Варшаве, але кінуў вучобы ў 1870 г. з-за нястачы сродкаў. Працаваў хатнім настаўнікам, рабочым, дзяржаўным чыноўнікам.
З 1872 г. пачаў журналісцкую дзейнасць у «Ніве», «Хатнім апекуне», «Кур’еры Варшаўскім». У 1874 г. дэбютаваў апавяданнямі «Жыхар Паддашша» і «Якубаў сон», аўтар раманаў «Клопаты бабулі» (1874) і «Палац і хаціны» (1875). У пач. 1880-х напісаў свае найлепшыя кароткія апавяданні «Антэк», «Шарманка», «Грахі маленства», «Камізэлька» (выйшлі ў зборніку «Першыя апавяданні», 1881). У 1885 г. выйшла аповесць Б. Пруса «Фарпост», у 1889 г. — буйны празаічны твор, раман «Лялька», у 1893 г. — раман «Эмансіпанткі». Сусветную славу Б. Прусу зрабіў гістарычны раман «Фараон» (1896). У апошняе дзесяцігоддзе жыцця Б. Прус працаваў над раманамі «Дзеці» (1909) і «Перамены» (застаўся няскончаным).
На беларускую мову творы Б. Пруса перакладалі Я. Брыль, Г. Жарко, М. Хаўстовіч, М. Чарнецкі, П. Бітэль.