wd wp Пошук:

Wolfenstein 3D

У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Wolfenstein (значэнні).

«Wolfenstein 3D» — камп’ютарная гульня ў жанры шутара ад першай асобы, распрацаваная кампаніяй «id Software» і выдадзеная «Apogee Software». Выпушчаная 5 мая 1992 года для платформы «DOS» і пасля партавана на розныя платформы, уключаючы «Super Nintendo Entertaiment System», «Atari Jaguar», «3DO», «Game Boy Advance», «iOS» і іншыя. «Wolfenstein 3D» з’яўляецца трэцяй гульнёй у серыі гульняў «Wolfenstein» — крыніцай натхнення для яе стваральнікаў паслужыла гульня 1981 года «Castle Wolfenstein». Гулец бярэ на сябе ролю выведніка саюзнікаў Другой сусветнай вайны Уільяма (Бі-Джэя) Бласкавіца, які спрабуе збегчы з месца свайго зняволення — замка Вольфенштайн — і выконвае шэраг дыверсійных заданняў супраць нацысцкага рэжыма. На кожным узроўні гулец павінен змагацца з нацысцкімі салдатамі, сабакамі і мутантамі, выкарыстоўваючы нож і агнястрэльную зброю, а таксама дабрацца да ліфта або перамагчы фінальнага боса.

«Wolfenstein 3D» стала першым пасля гульняў серыі «Commander Keen» буйным праектам «id Software». У сярэдзіне 1991 года праграміст «id Software» Джон Кармак эксперыментаваў з «хуткім» псеўдатрохмерным гульнявым рухавічком, які быў выкарыстаны камандай у гульнях «Hovertank 3D» і «Catacomb 3D», пасля выкарыстаных у якасці прататыпаў «Wolfenstein 3D». Пасля таго, як кампанія вырашыла перайсці ад «сямейнага» візуальнага стылю гульняў серыі «Commander Keen» да больш дарослага і жорсткага стылю, іншы праграміст кампаніі, Джон Рамера, прапанаваў зрабіць рэмейк гульні 1981 года «Castle Wolfenstein» у якасці хуткай экшэн-гульні. Ён і геймдызайнер Том Хол распрацавалі хуткі і жорсткі, у адрозненне ад іншых гульняў таго часу, варыянт гульні, які базуецца на рухавічку Кармака, мастаком выступіў Адрыян Кармак, а кампазітарам — Бобі Прынс. Гульня была выпушчаная «Apogee Software» у 2 камплектах місій, кожны з якіх складаўся з 3 эпізодаў. «Wolfenstein 3D» распаўсюджвалася па ўмоўна-бясплатнай мадэлі, дзе першы эпізод быў бясплатным і падаграваў цікавасць да куплі астатніх наступных. Пазней быў выпушчаны дадатковы самастойны зборнік эпізодаў «Spear of Destiny».

«Wolfenstein 3D» атрымала прызнанне ў крытыкаў і ўзнагароды ад часопісаў у розных намінацыях, а аб’ём яе продажаў ацэньваецца ў 200 000 копіяў да канца 1993 года. Гульня спрыяла папулярызацыі жанру шутара ад першай асобы, стала ўзорам для хуткіх экшэн-гульняў і ўсталявала планку тэхналагічнага выканання для наступных гульняў у жанры, а таксама прадэманстравала жыццяздольнасць умоўна-бясплатнай мадэлі распаўсюджвання.

Зноскі

  1. redump.org

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·Камп’ютарныя гульні паводле алфавіта
Катэгорыя·Гульні для SNES
Катэгорыя·Шутары ад першай асобы
Катэгорыя·Гульні для PlayStation 3
Катэгорыя·Камп’ютарныя гульні 1992 года
Катэгорыя·Гульні для Xbox 360
Катэгорыя·Іншыя значэнні: старонка не існуе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных