«PARTY-zan фільм» («Партызан-фільм») — беларуская маладзёжная эксцэнтрычная камедыя[1] паводле сцэнарыя Андрэя Курэйчыка. Год стварэння — 2016.
Фільм — іранічны погляд на беларускі фільммейкінг як на фабрыку па вытворчасці кіно пра вайну[2]. Героі фільму — праграміст, бізнесмэн і дзяўчына. Праграміст Дзяніс, спакойны ды разумны, нешта ўзламаў і прадаў танк, за што быў выгнаны з «Фангеймінга»[3] і застаўся без працы. Прадпрымальнік Аляксей, імпульсіўны прыгажунчык, не самы ўдалы бізнесмэн — рознымі спосабамі спрабуе зарабіць грошай, але ўсюды прагарае. Тым не менш ён спрабуе зноў і зноў, бо жадае быць запатрабаваным, паспяховым і забяспечаным.
Аляксей і Дзяніс дзеля лёгкіх грошай сабраліся ўчыніць авантуру і зарабіць адразу шмат грошай. Каб ажыццявіць сваю задуму, яны прадстаўляюцца маскоўскай кінагрупе як беларускія кінапрадзюсары і бяруцца зняць для іх некалькі ваенных сцэн. Нечакана ў іх жыццё ўрываецца прыгожая і прадуманая Марта, дзяўчынка з Брэста. І ўсё пачынае ісці «не так». У цягніку Мінск – Брэст адзін з герояў забывае торбу з буйной сумай грошай. Модны маскоўскі рэжысёр і знакаміты аператар ужо прыехалі ў Беларусь, на пад’ездзе расійскія кіназоркі… І пачынаючым прадзюсарам цяпер свеціць сутыкненне з бандытамі і турма за махлярства.
Анансаванне поўнаметражнай стужкі пад працоўнай назвай «Партызан-фільм» прагучала ад рэжысёра Андрэя Курэйчыка 31 мая 2016 года падчас прэс-канферэнцыі. Па словах рэжысёра, фільм — спроба разабрацца, як у Беларусі можна зарабіць грошы ў галіне кінэматографу, пра тое, як у Беларусі здымаюць фільмы пра вайну. Бо Беларусь нярэдка ўспрымаюць як «фабрыку ваеннага кінематографу»[1], што не зусім адпавядае рэчаіснасці. Пры гэтым сам рэжысёр не прымяншае значнасці падзей 1941 года[4].
Кастынг праводзіўся ў чэрвені. Галоўныя ролі выканалі ўзыходзячыя зоркі беларускага тэатра і кіно: Аляксандр Тарасаў, Аляксандр Душачкін і Аліса Аўчыннік. Для акцёра Рэспубліканскага тэатра юнага гледача Аляксандра Тарасава гэта стала першай галоўнай роляй у кіно. Ролю праграміста Дзяніса сыграў студэнт Акадэміі мастацтваў Аляксандр Душачкін[5]. Таксама ў стужцы зняўся і шэраг зорак беларускага кіно. Як, напрыклад, Эвяліна Сакура(руск.) бел., якая грае ролю заможнай гаспадыні кватэры[6], акцёры Аляксандр Ефрэмаў (мал.), Іван Шчатко, а таксама ўдзельнікі гурта «Neuro Dubel», пісьменнік Алег Грушэцкі, вядомыя акцёры мінскіх тэатраў[7].
Асноўныя здымкі праходзілі з 4 па 22 жніўня ў Мінску, Брэсце, і паміж Мінскам і Брэстам. Праходзілі на мінскіх і брэсцкіх вуліцах, у кафэ, бальніцы, на трасе і іншых пляцоўках[8]. Увайшлі і кадры здымак фільма пра Брэсцкую крэпасць, рэканструкцыя абароны 22 чэрвеня 1941 года[4]. Найбольш складанымі былі здымкі на лініі Сталіна, па прычыне велізарнай колькасці рэканструктараў, масовак, баталій, набору піратэхнікі і іншага[7]. Некалькі сцэн было дазнята ў верасні, апошняя — 8 верасня. Усяго 16 змен[3].
23 кастрычніка рэжысёр Андрэй Курэйчык і прадзюсар Дзмітрый Фрыга прэзентавалі карціну на Міжнародным кінарынку KinoPoisk Film Market у Маскве[9].
25 кастрычніка ў мінскім кінатэатры Silver Screen удзельнікі незалежнага творчага аб’яднання «Без Буслоў Артс» прадставілі прадстаўнікам кінапракатных арганізацый тызер(руск.) бел. да фільма[10] (кароткі відэатрэйлер, прызначаны для рэкламавання будучага фільма).
6 лістапада стваральнікі карціны прэзентавалі фільм на мінскім міжнародным кінафестывалю «Лістапад-2016» у рамках Індустрыяльнай платформы «Дзень беларускіх ініцыятыў». Публіцы быў паказаны тызер-трэйлер да стужкі і пятнаццаціхвілінная вытрымка з фільма, якая раскрывае сюжэт[11].
У шырокі пракат фільма выйшаў 29 снежня[1].
Персанаж | Акцёр |
---|---|
Галоўныя ролі | |
Дзяніс, IT-шнік | Аляксандр Душачкін |
Аляксей, бізнесмэн | Аляксандр Тарасаў |
Марта | Аліса Аўчыннік |
Другія ролі | |
Гаспадыня кватэры | Эвеліна Сакура |
Начальнік службы бяспекі «Фангеймінга» | Аляксандр Кулінковіч |
У эпізодах | |
Жыхары памежнага раёна | Глеб, Марта і Вольга Курэйчыкі Алег Грушэцкі Наталля Навоенка Ліза Цюшкевіч |
Немецкія вайскоўцы | Юры Навумаў Юры Зінчанка Дзмітрый Марынін Сяргей Уласаў |
Доктар | Генадзь Гатоўчыц |
![]() |
PARTY-zan фільм на Вікісховішчы |
---|