КОБОЛ (англ.: COBOL, акронім ад common business-oriented language) — кампіляваная мова праграмавання высокага ўзроўню, прызначаная для выкарыстання ў бізнесе. Гэта імператыўная, працэдурная і, пачынаючы з 2002 года, аб’ектна-арыентаваная мова. COBOL выкарыстоўваецца пераважна ў сферы бізнесу, у фінансавых і адміністрацыйных сістэмах кампаній і ўрадаў. Да гэтага часу шырока выкарыстоўваецца ў састарэлых прыкладаннях, разгорнутых на вялікіх ЭВМ, для такіх задач, як буйнамаштабная пакетная і транзакцыйная апрацоўка даных. Але з-за зніжэння папулярнасці і выхаду на пенсію дасведчаных праграмістаў на COBOL, праграмы пераносяць на новыя платформы, перапісваюць на сучасныя мовы, або замяняюць праграмнымі пакетамі.[1] Цяперашняе праграмаванне на COBOL у большасці зводзіцца к падтрымцы наяўных прыкладанняў.[2]
Мова COBOL была распрацавана ў 1959 годзе, у асацыяцыі КОДАСІЛ (англ.: CODASYL) Грэйс Хопер, якую звычайна называюць «маці COBOL», і была часткова заснавана на яе папярэдняй працы па праектаванні мовы праграмавання.[3][4][5] Мова з’явілася ў рамках намаганняў Міністэрства абароны ЗША па стварэнні пераноснай мовы праграмавання для апрацоўкі даных. У якасці часовай меры, міністэрства абароны неадкладна прымусіла вытворцаў камп’ютараў стварыць гэту мову, што прывяло да яе шырокага распаўсюджання.[6] Мова была стандартызавана ў 1968 годзе і з таго часу перагледжана чатыры разы. Пашырэнні ўключаюць падтрымку структурнага і аб’ектна-арыентаванага праграмавання. Цяперашні стандарт — ISO/IEC 1989:2014.[7]
COBOL мае сінтаксіс, падобны да англійскай мовы, які быў распрацаваны, каб быць самадакументаваным і добра чытэльным. Тым не менш, мова шматслоўная і выкарыстоўвае больш за 300 зарэзерваваных слоў. У адрозненне ад зараз распаўсюджанага сціслага сінтаксісу y = x;
, COBOL мае больш англа-падобны сінтаксіс (у дадзеным выпадку, MOVE x TO y
). Код у COBOL падзелены на чатыры часткі (ідэнтыфікатары, асяроддзе, даныя і працэдуры), якія змяшчаюць цвёрдую іерархію раздзелаў, параграфаў і выказванняў. Не маючы вялікай стандартнай бібліятэкі, стандарт вызначае 43 выказванні, 87 функцый і толькі адзін клас.
Акадэмічныя навукоўцы ў галіне інфарматыкі былі большай часткай незацікаўлены ў бізнес-прыкладаннях, калі COBOL ствараўся, і не ўдзельнічалі ў яе распрацоўцы; мова практычна распрацавана з нуля, як камп’ютарная мова для бізнэсменаў, з акцэнтам на ўвод і вывад, у якіх даныя разглядаюцца толькі як лічбы і радкі тэксту.[8] COBOL падвяргаўся крытыцы на працягу ўсяго свайго існавання за такія рысы, як шматслоўе, працэс праектавання і дрэнную падтрымку структурнага праграмавання, якія прывялі да маналітных і незразумелых праграм.