Усеагульная нямецкая біяграфія (ням.: Allgemeine Deutsche Biographie, скарочана ADB) — нямецкая біяграфічная энцыклапедыя ў 56 тамах, якая выходзіла ў 1875—1912 гадах (перавыдана ў 1967—1971 гадах).
У 1858 годзе ў Баварскай акадэміі навук узнікла ідэя стварыць біяграфічны даведнік знакамітых нямецкіх дзеячаў, аднак з-за недахопу сродкаў гэта ідэя не была рэалізавана.
У 1868 годзе, па просьбе Леапольда фон Ранке, праект быў адноўлены і асноўны аб’ём працы па арганізацыі збору матэрыялаў і напісанні артыкулаў быў ускладзены на барона Рохуса фон Ліліенкрона, яго найбліжэйшым памочнікам і вядучым рэдактарам стаў Франц Ксаўер фон Вегеле .
Энцыклапедыя прызначалася для навуковага і агульнага карыстання. Было вырашана адабраць біяграфіі людзей, якія выявілі сябе на рознай ніве ў нямецкамоўных краінах.
Энцыклапедыя выдавалася Гістарычнай камісіяй Баварскай акадэміі навук, пад рэдакцыяй барона Рохуса фон Ліліенкрона, надрукавана ў лейпцыгскім выдавецтве «Duncker & Humblot». Усяго ў энцыклапедыю ўключаны біяграфіі каля 26 500 асоб, якія атрымалі вядомасць у нямецкамоўных краінах і памерлі да 1900 года (уключаючы Нідэрланды да 1648 года). Было выдадзена 45 асноўных тамоў, 10 дадатковых і адзін том склалі паказальнікі.
У маі 2003 года Гістарычная камісія пры Баварскай акадэміі навук і Баварская дзяржаўная бібліятэка выклала ў бясплатны адкрыты доступ адсканаваныя старонкі энцыклапедыі. Пасля гэтыя сканы былі распазнаны, вычытаны і тэкст апублікаваны ў адкрытым доступе. Таксама тэкст ADB выкладзены ў нямецкіх Вікікрыніцах.