Яўген Фёдаравіч Канапля (1 сакавіка 1939, вёска Малая Слабада, Нясвіжскі павет, Навагрудскае ваяводства — 14 лютага 2010) — беларускі радыебіёлаг і біяхімік. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1989; чл.-кар. з 1986), доктар медыцынскіх навук (1976), прафесар (1984). Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь (2004).
Скончыў Мінскі медыцынскі інстытут (1962). У 1965—1969 гг. загадчык лабараторыі, у 1969—1980 гг. кіраўнік аддзялення НДІ анкалогіі і медрадыялогіі Міністэрства аховы здароўя БССР. У 1980—1981 гг. загадчык лабараторыі Сектара геранталогіі АН БССР, у 1981—1987 гг. загадчык Сектарам геранталогіі АН БССР. У 1987—2009 гг. дырэктар Інстытута радыебіялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, адначасова ў 2006—2009 гг. старшыня Прэзідыума Гомельскага філіяла Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і акадэмік-сакратар Аддзялення медыцынскіх навук НАН Беларусі. Дэпутат Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь у 1990—1995 гг.
Даследаванні прысвечаны распрацоўцы навуковых асноў дзеяння на арганізм іанізуючага выпраменьвання, ўзнікнення злаякаснага працэсу, у тым ліку высвятленню на малекулярна-клеткавым і арганізмавым узроўнях механізмаў дзеяння гармонаў, іх метабалізму і нейрагарманальнай рэгуляцыі. Важнай часткай гэтых работ з’яўляецца вывучэнне дзеяння малых доз радыяцыі, іх бліжэйшых і аддаленых наступстваў, распрацоўка метадаў радыяцыйнай абароны, а таксама вызначэнне ўплыву на жыццядзейнасць арганізма ў радыяцыйна-экалагічным становішчы Беларусі. У НДІ анкалогіі і медрадыялогіі распрацоўваліся камбінаваныя метады тэрапіі раку, уключаючы прамянёвае лячэнне, а таксама стварэнне спосабаў павышэння адчувальнасці тканак да апрамянення з ужываннем у якасці пратэктараў гіпертэрміі і гіперглікеміі, вызначэнне найбольш эфектыўных метадаў прамянёвай тэрапіі ў залежнасці ад дозы і працягласці курса апраменьвання. З пачатковага этапу катастрофы на Чарнобыльскай АЭС вывучаў у рэспубліцы радыяцыйную абстаноўку, яе ўплыў на метабалізм і найважнейшыя сістэмы арганізму — эндакрынную, імунную, сардэчна-сасудзістую і іншыя. Гэта дазволіла распрацаваць канцэпцыю пражывання насельніцтва на радыеактыўна забруджаных тэрыторыях, пакладзеную ў аснову прыняцця Дзяржаўнай праграмы пераадолення ў Беларусі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы і шэрагу законаў Рэспублікі Беларусь па абароне насельніцтва і статусу забруджаных тэрыторый.
Аўтар больш за 350 навуковых работ, у т.л. 10 манаграфій. Падрыхтаваў 4 дактары і 20 кандыдатаў навук.