Ян Нікадзім Лапацінскі (15 верасня 1747, Сар’я — 13 кастрычніка 1810, Шаркаўшчына) — дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага. Староста мсціслаўскі (з 1767).
Прадстаўнік шляхецкага роду Лапацінскіх гербу «Любіч», сын Мікалая Тадэвуша і Барбары з Копцяў. Меў братоў Юзафа, Станіслава і Тамаша Ігнація.
Неаднаразова абіраўся паслом на соймы. У 1791 на яго загад у Лявонпалі збудавалі мураваную калону ў гонар Канстытуцыі 3 мая[1].
Працягваў папаўняць фамільны архіў, бібліятэку і мастацкія зборы. Адкрыў у Лявонпалі ткацкую мануфактуру, майстэрні вырабу дываноў і капелюшоў, суконную фабрыку.
Займаўся гравіраваннем, малюнкам, дробнай скульптурай, быў мецэнатам мастацтва і калекцыянерам. У культурнай гісторыі адзначыўся найперш сваімі гравюрамі па медзі.
Апошні перыяд жыцця правёў у сваім маёнтку ў Шаркаўшчыне, дзе яго і пахавалі.