У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Маджарскі. Ян Маджарскі (Аванес Маджаранц) (пачатак XVIII стагоддзя, Стамбул або Сяміграддзе — 1800 або 1801, Слуцк) — ткач, мастак, кіраўнік і арандатар Слуцкай мануфактуры шаўковых паясоў[1].
Нарадзіўся ў Стамбуле або Сяміграддзі ў сям’і венгра па імені Нума (сына Міхала[2]) і армянкі[1]. Бацька служыў у аўстрыйскім войску і патрапіў у турэцкі палон[2].
Ткацкаму рамяству навучаўся ў Стамбуле. У 1740-х вырабляў паясы на мануфактуры князёў Патоцкіх у Станіславе. У 1758 годзе быў запрошаны ваяводам віленскім Міхалам Казімірам Радзівілам (Рыбанькам) у Нясвіж, потым працаваў у Слуцку, дзе кіраваў мануфактурай шаўковых паясоў (персіярняй)[1]. Бурлівая дзейнасць слуцкай персіярні прыносіла Маджарскаму вялікі прыбытак. Ён набыў за 30 тысяч злотых фальварак Сёлка (які цяпер ўвайшоў у паўночныя гарадскія межы Слуцка), а потым нават змог дамовіцца з сынам аб арэндзе фабрыкі[3] ў 1776—1780 гадах[1].
Памёр у Слуцку ў 1800 або ў 1801 годзе і, як сцвярджаюць біёграфы, быў пахаваны ў тамтэйшых бернардзінаў[3].
Распрацаваў кампазіцыйную структуру, віды паясоў (двухбаковыя, чатырохчастковыя) і асноўныя тыпы дэкору паясоў[1].
З жонкай Армінэ (магчыма, яе імя Разалія[2]) мелі сына Лявона і некалькі дачок[4].