wd wp Пошук:

Янка Ролсан

Янка Ролсан, сапр. Гадзіцкі (1 жніўня 1912, в. Вялень Ігуменскага павета, цяпер Пухавіцкі раён — 23 студзеня 1994, Адэлаіда, Паўднёвая Аўстралія; Псеўданімы: ВЭР, Крапіва-Жыгучка, Янка Яр) — беларускі грамадска-культурны эміграцыйны дзеяч, паэт.

Біяграфія

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Вучыўся ў Мінскім сельскагаспадарчым інстытуце. Працаваў у саўгасе ў Дукоры, потым сакратаром у раённай пракуратуры ў Пухавічах. На пачатку 1930-х гадоў вучыўся ў Харкаўскім тэхнікуме цяжкай прамысловасці. Працаваў на ваенным заводзе ў Ніжнім Тагіле. Скончыў Ржэўскую авіяшколу (1939), авіямеханікам служыў у 5-й эскадрыллі, браў удзел у «польскай» і «фінскай» кампаніях. Пасля дэмабілізацыі ў студзені 1941 года, працаваў на заводзе імя Варашылава ў Мінску. Падчас 2-й сусветнай вайны супрацоўнічаў з нямецкай акупацыйнай адміністрацыяй, працаваў следчым суда ў Пухавіцкім раёне. З лютага 1944 года — афіцэр Беларускай Краёвай Абароны (БКА). З лета 1944 года ў Германіі. Пасля вайны жыў у Мюнхене, быў сябрам Беларускага Нацыянальнага Камітэту. Пазбягаючы рэпатрыяцыі ў СССР запісаўся літоўцам і змяніў прозвішча на Гадзіцкас.

У 1950 годзе выехаў у Аўстралію, пасяліўся ў Адэлаідзе. У 1963 годзе змяніў прозвішча на Ролсан. Займаў розныя пасады ў царкоўнай управе — старшыня, скарбнік, сакратар, рэферэнт па вонкавых сувязях. Адзін з арганізатараў у 1975 годзе і першы старшыня Беларускага аб’яднання ў Паўднёвай Аўстраліі, пакінуў гэтую пасаду ў 1987 годзе з-за хваробы. Сябра Выканаўчага камітэту Федэральнай рады беларускіх арганізацый у Аўстраліі.

Творчасць

Аўтар паэтычных твораў. Выйшаў паэтычны зборнік «Кліч» (1980; 2-е выд. 1982). Таксама аўтар успамінаў «З глыбінь мінулага» (1984). У 2003 годзе, намаганнямі сакратара Беларускага гістарычнага таварыства ў Аўстраліі Віктара Кавалеўскага, выдадзены збор твораў Я. Ролсана «З глыбіняў мінулага» (успаміны і вершы). Сталы карэспандэнт газеты «Беларус» (пад псеўданімам Янка Яр). Сярод паэтычных твораў Я. Ролсана, што праўда, не дужа высокага паэтычнага ўзроўню, ёсць верш прысвечаны БКА.

Зноскі

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (13):
Катэгорыя·Памерлі 23 студзеня
Катэгорыя·Памерлі ў 1994 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся 1 жніўня
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Артыкулы пра асоб без партрэтаў
Катэгорыя·Беларусы ў Аўстраліі
Катэгорыя·Постаці беларускай эміграцыі
Катэгорыя·Члены Беларускай краёвай абароны
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Вялені
Катэгорыя·Выпускнікі Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі
Катэгорыя·Памерлі ў Адэлаідзе
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1912 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных