У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Бяганская. Ядвіга Іосіфаўна Бяга́нская (псеўданім: Ядвіга Рута; 29 (16) лютага 1908, Верхняудзінск, цяпер Улан-Удэ — 3 красавіка 1992, Мінск) — празаік , перакладчык[1].
Нарадзілася ў сям’і беларускіх перасяленцаў у Сібір, якія вярнуліся на Беларусь у 1922. З 1924 у Мінску. У 1924 паступіла на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ, якое скончыла ў 1930[1]. Настаўнічала ў Мінску, Рэчыцы[1]. У 1937 былі арыштаваны яе муж паэт А. Сак і бацька Іосіф Вікенцевіч Бяганскі (абодвух расстралялі). 6 лістапада 1937 арыштавана і сама Бяганская і 4 студзеня 1938 асуджана на 10 гадоў лагераў; адпраўлена на Калыму. Вызвалена 6 лістапада 1947. У пачатку 1948 узяла шлюб з мастаком Міхаілам Якаўлевічам Леберфарбам, жыла на Чукотцы. У 1948 ёй дазволілі вярнуцца на Беларусь. Да 1955 жыла ў Рэчыцы. Рэабілітавана ў 1954. Пасля рэабілітацыі першага мужа ў 1955 пераехала з сям’ёй у Мінск.
У 1956—1963 працавала рэдактарам на Беларускім радыё[1]. З 1963 на пенсіі.
Памерла 3 красавіка 1992 года ў Мінску і была пахавана на Паўночных могілках.
Пачала публікаваць вершы з 1926[1]. З 1953 пачала выступаць як празаік. Перакладала з польскай і славацкай моў. Член СП СССР з 1957. Аўтар кніг для дзяцей «Далёка на Поўначы» (1954), «Жэнін галубок» (1958), «Сустрэча з морам» (1962), «Зосіна зорачка» (1965), «Над ракой Шушай» (1977), «Нечаканая сустрэча» (1978)[1].
У 2018 годзе апублікаваны вершы Я. Бяганскай перыяду другой паловы 1920–х гадоў[2].