wd wp Пошук:

Юрка Геніюш

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Геніюш. Юрка Геніюш (21 кастрычніка 1935 — 21 лістапада 1985) — беларускі паэт і пісьменнік. Сын Ларысы Геніюш і Янкі Геніюша.

Біяграфія

Нарадзіўся 21 кастрычніка 1935 г. у Зэльве ў Ваўкавыскім павеце Беластоцкага ваяводства ў Польскай Рэспубліцы (цяпер — Гродзенская вобласць) у сям’і паэткі Ларысы Геніюш і лекара Янкі Геніюша. Бацькі эмігравалі ў Чэхаславакію, у Прагу. Менавіта там прайшло дзяцінства Юркі Геніюша ў атмасферы беларушчыны, якой быў напоўнены эмігранцкі дом бацькоў. Вучыўся ў пачатковай школе пры рускай гімназіі, пасля ў чэшскай гімназіі.

У 1948 г. Ларысу Геніюш з мужам Янкам арыштавалі ў Чэхаславаччыне, каб выдаць саветам, але дванаццацігадовага Юрку ўдалося пераправіць да сваякоў у Польшчу. Бацькі былі рэпрэсаваныя, высланыя ў канцлагер. Нярэдка прыязджаў у Зэльву, дзе з 1956 году жылі бацькі Вучыўся ў вячэрняй школе і працаваў у Вроцлаве, Глівіцах. У 1957 г. на стала пераехаў на Беласточчыну. Вывучыўся на дзіцячага лекара ў Медычнай акадэміі ў Беластоку. Здабыў вядомасць як літаратар. Працаваў лекарам у Гарадку, з 1981-га — у Беластоку. Сябраваў з пісьменнікам Сакратам Яновічам.

Як беларускі паэт Геніюш перажываў за будучыню роднага слова. Як і бацькі, ён увесь час адчуваў пільную ўвагу спецслужбаў, сведкамі чаго былі Уладзімір Арлоў і Міхась Скобла на пахаванні Ларысы Геніюш. На другі дзень пасля пахавання маці ў хаце Геніюшаў адбыўся ператрус з удзелам старшыні пасялковага савету і яго памагатых, якіх прыслалі даследаваць архіў паэткі, каб знойдзеныя доказы «антысавеччыны» даставіць спецслужбам. Юрка Геніюш у роспачы тэлефанаваў у Мінск Адаму Мальдзісу, а той — Алесю Адамовічу, які меў сувязі ў ЦК КПБ. У выніку архіў Ларысы Геніюш удалося захаваць. Поўны архіў Ларысы Геніюш захоўваецца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Акадэміі навук Беларусі, куды яго перадаў Юрка Геніюш у 1983 годзе. Паводле Таццяны Жук, загадчыцы гэтага аддзелу, Юрка Геніюш напісаў своеасаблівы тэстамэнт, згодна з якім творчая частка дакументаў 20 гадоў нікому не выдавалася, толькі з дазволу членаў камісіі па літаратурнай спадчыне, а перапіска наогул — 25 гадоў.[1]

Памёр 21 лістапада 1985 г. у Беластоку пры нявысветленых абставінах. Пахаваны на праваслаўных могілках парафіі Усіх Святых у Беластоку.

Творчасць

20 кастрычніка 1963 г. дэбютаваў на старонках «Нівы» (Беласток) апавяданнем «Прыкметы». У 1965 г. у альманаху «Белавежа» змясціў кароткую падборку сваёй прозы: «Як знайсці хулігана?», «Ой ты, доля мая», «З апавяданняў старога сабакі Тарзана» і «Як мы арганізаваліся». У 1976 г. Беларускім грамадска-культурным таварыствам быў выдадзены «Зборнік сцэнічных твораў», які стаў першай значнай на творчым шляху кніжкай. У альманаху літаратурнага аб’яднання «Белавежа» Юрка Геніюш выявіў зусім новыя якасці свайго таленту, менавіта ў паэтычнай прозе, у прысвечаным выпускнікам Бельскага беларускага ліцэя «Смыком па сэрцы», у «Запавеце», «Чорным па белым», «Сейбіце». Апублікаваў у перакладзе на польскую мову зборнік паэтычнай прозы «Спачатку было толькі Слова…» (Беласток 1981). Ужо пасля ягонай смерці выйшлі кнігі «Да свету» — у зборніку «Маці і сын» (Беласток 1992) і «З маёй званіцы» (Беласток 1993).

Бібліяграфія

Зноскі

  1. https://zbsb.org/news/belarus/2838/ Архівавана 28 студзеня 2021. Упершыню прэзэнтуюцца ўнікальныя дакумэнты з архіву Ларысы Геніюш

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (19):
Катэгорыя·Беларускамоўныя паэты
Катэгорыя·Пахаваныя на Праваслаўных могілках Беластока
Катэгорыя·Пісьменнікі Польшчы
Катэгорыя·Паэты Польшчы
Катэгорыя·Беларускамоўныя пісьменнікі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Зэльве
Катэгорыя·Члены Беларускага літаратурнага аб’яднання «Белавежа»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Памерлі 21 лістапада
Катэгорыя·Памерлі ў 1985 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з ручной вікіфікацыяй месца нараджэння ў картцы
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з вікі-разметкай у малюнку карткі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1935 годзе
Катэгорыя·Паэты паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з ручной вікіфікацыяй месца смерці ў картцы
Катэгорыя·Нарадзіліся 21 кастрычніка
Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта
Катэгорыя·Памерлі ў Беластоку