Юліян Талька-Грынцэвіч (польск.: Julian Talko-Hryncewicz; 18 жніўня 1850, маёнтак Рукшаны, Расіенскі павет, Ковенская губерня — 26 красавіка 1936) — польскі антраполаг, этнограф. Член Польскай акадэміі навук у Кракаве.
Скончыў Кіеўскі ўніверсітэт (1876). У 1878—1891 гадах працаваў урачом на Украіне. У 1894—1908 гадах узначальваў музей Троіцка-Кяхцінскага аддзела Рускага геаграфічнага таварыства. З 1908 года — прафесар антрапалогіі Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве. У 1911 годзе арганізаваў кафедру антрапалогіі ў Віленскім універсітэце.
Аўтар прац па гігіене, антрапалогіі, этнаграфіі і археалогіі. Вывучаў фізічны тып старажытных усходніх славян, у тым ліку беларусаў.