Экіманскі пасад, або проста Экімань — найбольш аддалены ад гістарычнага цэнтра Полацка пасад. Размяшчаўся на левым беразе Дзвіны на захад ад Востраўскага пасада.
Назва «Экімань» паходзіць ад назвы храма Іаакіма і Ганны[1]. У тэкстах прывілеяў Аляксандра Ягелончыка 7 кастрычніка 1498 г. і Жыгімонта Старога 27 жніўня 1509 г. Полацку на магдэбургскае права згадваюцца людзі, якія былі падначалены баярам і духавенству і пражывалі на тэрыторыі левабярэжнай часткі Полацка[2].
Пачатак станаўлення Экіманскага пасада, як і іншых левабярэжных пасадаў, Востраўскага, Крыўцова і Слабадскога[3], прыпадае прыкладна на XIV стагоддзе[4][5]. У маі і жніўні 1518 г. маскоўскія войскі ў чарговы раз спалілі Вялікі і Запалоцкі пасады і паркан (дагэтуль пасад выпальваўся ў 1508 і 1513 гг.)[6]. Пасля гэтых падзей насельніцтва пасадаў, якое было пад уладай баяр і духавенства, вымушана было пакінуць свае дворышчы ў горадзе і разысціся. Месцы, куды яны разышліся, у крыніцах не пазначаецца, аднак ёсць усе падставы для сцвярджэння, што іх шлях быў накіраваны на левабярэжжа р. Дзвіны, a мяжа рассяпення ахоплівала Экіманскі і Крыўцоў пасады (па-за межамі мястэчак Слабада і Востраў). Зручнае размяшчэнне Экіманскага пасада на левым беразе р. Дзвіны на значным аддаленні ад Верхняга замка — асноўнай мэты частых захопніцкіх паходаў на Полацк у XVI—XVII стст. — рабіла пасад вельмі прыцягальным для жыцця. Юрыдычная залежнасць гэтых людзей ад баярства адлюстравана ў тапонімах Экімані — Баяршчызна, вул. Баярская[2]. Многія з гэтых людзей займаліся агародніцтвам і выпадалі з сістэмы сацыяльна-эканамічнага развіцця горада[7][2].
У дачыненні да Экімані ў сярэдзіне XVI стагоддзя ўжываецца адначасова назва «пасад» і «прадмесце», у XVII стагоддзі выкарыстоўваецца назва «мястэчка» і «факторыя». Прычынай гэтага была перадача мясцовасці Стэфанам Баторыем езуіцкаму калегіуму. Экімань з’яўлялася разам з Востравам яго найбуйнейшай юрыдыкай і паводле земскіх кніг з канца XVI стагоддзя мела статус полацкага прадмесця, аднак яе жыхары ў XVII стагоддзі па-ранейшаму лічыліся мяшчанамі[8][5].
У 1650-я гг. пасад меў разгалінаваную вулічную сетку. Тут размяшчаліся вул. Баярская, Віленская, Езеньская, а таксама мясцовасць Баяршчызна з вул. Вялікай. Да таго ж Экіманскі пасад меў уласны рынак. Назва вул. Віленскай сведчыць пра наяўнасць аднайменнай дарогі па-за межамі пасада. Пра аналагічную дарогу паведамляецца ў апісанні пахода Івана IV Грознага на Полацк 1563 г[9].
У першай трэці XVII стагоддзя на левым беразе Дзвіны існаваў адзіны Крыўцоў пасад[10]. На гэтым пасадзе размяшчалася «мястэчка», у сэнсе «мясцовасць», Бельчыцы-Кабак, ці Бельчыцкая слабада[5]. Экімань, былая юрыдыка езуіцкага калегіума, падчас вайны 1654—1667 гадоў і панавання ў горадзе Аляксея Міхайлавіча была падначалена гарадскому магістрату і набыла статус пасада[5].
Паводле Люстрацыі 1774 года, Экімань з’яўлялася полацкім мястэчкам (такі ж статус меў і Востраў), але разглядаецца разам з дзевяццю фальваркамі полацкіх езуітаў[11], Экіманскія мяшчане былі прыпісаны да езуіцкага калегіума. На езуіцкім фальварку Экімані разам з Востравам размяшчаўся 121 дом з насельніцтвам 726 чалавек, мястэчка было размешчана ўздоўж р. Дзвіны на дзве мілі, а ўшыр на адну мілю «а месцамі болей ці меней», і «ляжыць тое мястэчка ад слабады Бельчыцкай у 1/4 мілі». У Экімані былі чатыры карчмы — Пятніцкая, Хацевіцкая і Палюдавіцкая[12], чацвёртая карчма была прыватная, альбо вольная[13][2].
З пісьмовых крыніц XVII—XVIII стст. вядома, што на тэрыторыі Экіманскага пасада размяшчаліся касцёл і царква[2]. Таксама існавала старажытная ўніяцкая царква Св. Мікалая[2].