У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Макмілан. Эдвін Матысан Мак-Мі́лан (англ.: Edwin Mattison McMillan; 18 верасня 1907, Рэдонда-Біч, ЗША — 7 верасня 1991, Эль-Серыта, Каліфорнія, ЗША) — амерыканскі фізік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па хіміі ў 1951 годзе разам з Гленам Сібаргам за стварэнне першых трансуранавых элементаў.
Скончыў Каліфарнійскі тэхналагічны інстытут (1928). У 1933—1973 гадах у Каліфарнійскім універсітэце ў Берклі (з 1946 года прафесар), адначасова ў Радыяцыйнай лабараторыі імя Э.Лоўрэнса (у 1958—1971 гадах дырэктар).
Аўтар навуковых прац па ядзернай фізіцы і тэхніцы паскарэння элементарных часціц. Адкрыў першы штучны трансуранавы элемент — нептуній (1940; разам з Ф.Эйблсанам) і плутоній (1940; разам з Гленам Сібаргам). Прапанаваў прынцып аўтафазіроўкі (1945) і пабудаваў электронны сінхратрон на 330 МэВ (1947).
Член Нацыянальнай акадэміі навук ЗША (1947).
У 1963 годзе атрымаў спецыяльную ўзнагароду за даследаванні ў галіне мірнага прымянення атамнай энергіі.