wd wp Пошук:

Чэрская сядзіба

Чэрская сядзіба — колішняя сядзіба, размяшчалася за 2 км на паўночны захад ад в. Ляплёўка і за 3 км на паўднёвы ўсход ад в. Чэрск Брэсцкага раёна.

Гісторыя

Паводле пісьмовых крыніц, в. Чэрнск (пазней Чэрск) і сядзіба вядомы з XV ст., як уласнасць роду Валашынаў. У 1506 г. гаспадар Чэрскага двара Васіль Валашын накіраваў у войска ВКЛ двух ратнікаў, у 1528 г. — аднаго, а ў 1567 г. да берасцейскай харугвы далучыўся Іван Чэрнскі.

Пасля 1701 г. ад Валашынаў Чэрскі фальварак разам з Ляплёўкай і Кабёлкай перайшлі ва ўласнасць Радзівілаў. У сярэдзіне XIX ст. сядзібны ансамбль з’яўляўся адным з фальваркаў Дамачаўскага маёнтка, меў назву Двор, якая ўжываецца і зараз мясцовым насельніцтвам. Пасля задушэння паўстання Тадэвуша Касцюшкі 1794 г. і 3-га падзелу Рэчы Паспалітай расійская імператрыца Кацярына ІІ падаравала маёнтак Даманава, у т.л. фальварак Чэрск, аднаму з вядомых прадстаўнікоў расійскай арыстакратыі князю Пятру Вітгенштэйну.

Пасля Першай сусветнай вайны фальварак быў падзелены і распрададзены. Апошнімі гаспадарамі фальварка з’яўляліся Стаміроўскія. Сядзібны дом быў спалены ў канцы Вялікай Айчыннай вайны партызанамі.

Сённяшні стан

На сённяшні дзень ад Чэрскай сядзібы засталіся рэшткі парку плошчай каля 4 га. Дом быў драўляны, аднапавярховы, з невялікім ганкам на чатырох круглых слупах і накрыты гонтай. Ансамбль размяшчаўся ўздоўж маляўнічай рачулкі, якая ўпадала ў р. Капаёўку. Па перыметры ансамбля размяшчаліся каналы, якія яшчэ сёння добра праглядваюцца. Каналы абсаджаны векавымі дрэвамі мясцовых парод: ліпамі, клёнамі, дубамі, ясенямі. Захавалася некалькі старадаўніх ліп, якімі была абсаджана ўязная дарога, ды купа старых дрэў на месцы існавання сядзібнага дома.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (11):
Катэгорыя·Артыкулы пра славутасці без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Артыкулы са спасылкамі на Глобус Беларусі
Катэгорыя·Колішнія сядзібы Беларусі
Катэгорыя·Зніклі ў 1940-я гады
Катэгорыя·Артыкулы пра славутасці без ілюстрацый
Катэгорыя·Будынкі і збудаванні Беларусі, знішчаныя савецкай уладай
Катэгорыя·Чэрск (Брэсцкі раён)
Катэгорыя·Вітгенштэйны
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·Сядзібы Брэсцкага раёна
Катэгорыя·Згарэлыя будынкі і збудаванні