wd wp Пошук:

Чырвонаслабодская зона падняццяў

Чырвонаслабодская зона падняццяў, Чырвонаслабодскае валападобнае падняцце, Чырвонаслабодскі выступ — тэктанічная структура ў Салігорскім, Любанскім, Акцябрскім, Петрыкаўскім і Калінкавіцкім раёнах, у прыўзнятай частцы Чырвонаслабодска-Маладушынскай тэктанічнай ступені Прыпяцкага прагіну. Даўжыня больш за 150 км, шырыня 3—10 км, распасціранне субшыротнае.

Паверхня фундамента залягае на адзнаках ад -1500 да -3000 м, паніжаецца на паўночны ўсход і поўнач. Па гэтай паверхні (з захаду на ўсход) вылучаюцца Новадуброўскае, Нежынскае, Калінаўскае, Акцябрскае, Паўночна-Даманавіцкае, Казанскае прыразломныя падняцці. У стратыграфічным разрэзе ўстаноўлены верхнепратэразойскія, сярэдне- і верхнедэвонскія (падсалявыя тэрыгенныя, карбанатныя, ніжнесаляносныя, міжсалявыя, верхнесаляносныя, надсалявыя), каменнавугальныя, пермскія, мезазойскія і кайназойскія адклады. Будова паверхні падсалявых дэвонскіх адкладаў падобная да будовы паверхні фундамента. У найбольш прыўзнятай частцы зоны магутнасць міжсалявых адкладаў зменшана, а на некаторых плошчах яны зусім знікаюць з разрэзу (Чырвонаслабодская, Казанская плошчы). Фарміраванне Чырвонаслабодскай зоны падняццяў адбывалася пераважна ў фаменскі час позняга дэвону і раннім карбоне. На Казанскай плошчы ў падсалявых карбанатных, а на Паўночна-Даманавіцкай з міжсалявых адкладаў атрыманы прытокі нафты.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·Геалогія Петрыкаўскага раёна
Катэгорыя·Геалогія Любанскага раёна
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю прыроды Беларусі без нумароў старонак
Катэгорыя·Прыпяцкі прагін
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю прыроды Беларусі без аўтара
Катэгорыя·Геалогія Калінкавіцкага раёна
Катэгорыя·Геалогія Акцябрскага раёна
Катэгорыя·Геалогія Салігорскага раёна