Часлаў Францавіч Кудаба, сапр. Худаба (літ.: Česlovas Kudaba; 25 чэрвеня 1932, в. Кабыльнік Пастаўскага павета, цяпер в. Нарач Мядзельскага раёна — 19 лютага 1993) — літоўскі географ-краязнавец, эколаг.
Нарадзіўся ў сям’і беззямельнага селяніна. Адразу пасля Вялікай Айчыннай вайны скончыў прагімназію ў мястэчку Твярачус, у 1957 — Свянцянскую настаўніцкую семінарыю, у 1959 — геаграфічны факультэт Вільнюскага ўніверсітэта. Працаваў спачатку асістэнтам, затым выкладчыкам Вільнюскага ўніверсітэта. Кандыдат геаграфічных навук (1964), доктар геаграфічных навук (1972), прафесар (1974). У 1987—1990 — старшыня Фонду культуры Літвы. У 1990—1992 — дэпутат Вярхоўнага Савета Літвы, сігнатар Акта Незалежнасці.
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Літвы (1984, 1993).
Даследаваў пытанні агульнай фізічнай геаграфіі, геамарфалогіі, аэракасмічнага метаду, гісторыі, геаграфіі і метадалогіі, аховы прыроды. Пад кіраўніцтвам Ч. Кудабы створаны геаграфічны атлас Літвы.
Аўтар манаграфій «Геаграфічныя падарожжы і адкрыцці» (1977), «Марэнныя ўзвышшы Літвы» (1983), навукова-папулярных краязнаўчых выданняў «Ваколіцы Ігналіны» (1967), «Там, дзе цячэ Нёман» (1970), «Узгоркавая Жэмайція» (1972), «Ігналінскі край» (1987), «Узгоркавая Аўкштайція» (1988), «Нёман-Нёман» (1989), «Сем дарог з Варняй» (1993), аўтар тэкстаў да кнігі-альбома «Іду па Літве» (1992). Кніга «Па Віліі: падарожныя запісы» (Мн., 1992) прысвечана Беларусі і ўключае гісторыю, этнаграфію, краявіды, культуру, літаратурнае жыццё вёсак, мястэчак і гарадоў, якія мінае р. Вілія.
Часлаў Кудаба аўтар шматлікіх артыкулаў па пытаннях культуры, прыроды і экалогіі («На таямнічых паваротах Нёмана», «Народжаныя морам і ветрам», «І дрэвы ходзяць», «Прыгожая ты мая», «Мяжа», «Свянцяншчына» і інш.), якія друкаваліся ў польскім двухтыднёвіку «З па-над Віліі», штоквартальным часопісе «Літва».
У калектыўным зборніку «Наш Нёман» (1988) змешчаны нарыс Кудабы «Каля вытокаў крыніцы», у якім аўтар апавядае пра сваё дзяцінства, што прайшло на Нарачы, пра сваіх продкаў, хараство Нарачанскага краю.
Аўтар шэрагу публіцыстычных артыкулаў па пытаннях культуры, прыроды, экалогіі.