Чарнакорань пурпуровы (Podospermum purpureum) — від раслін роду Podospermum сямейства Астравыя (Asteraceae)[3].
Шматгадовая травяністая расліна з простым або ў верхняй частцы галінастым сцяблом вышынёй 15-45 (80) см і чорным вертыкальным маршчыністым сцеблакоранем (каўдэксам), каранёвая шыйка якога густа пакрыта шчацінкападобнымі валакністымі рэшткамі ліставых чаранкоў. Лісце вузкалінейнае, плоскае або жалобчата-трохграннае, голае або злёгку павуцініста апушанае. Язычковыя кветкі светла-пурпуровыя або фіялетава-ружовыя, з пахам ваніліну, сабраны ў невялікія кошыкі на канцах сцёблаў і галінак. Абгорткі чарапіцавыя, прадаўгавата-цыліндрычныя. Плод — сямянка з чубком. [3].
Сярэдняя і Усходняя Еўропа, Міжземнамор’е, поўдзень Заходняй Сібіры, поўнач Сярэдняй Азіі. Рэліктавы лесастэпавы від, які знаходзіцца ў Беларусі ў ізаляваных лакалітэтах і астраўных месцах пасялення за паўночнай мяжой арэала. Сустракаецца ў Брагінскім, Буда-Кашалёўскім, Гомельскім і Добрушскім раёнах[3].
Раней лічылася, што чарнакорань пурпуровы дапамагае пры ўкусе шалёнага сабакі[4].
Уключаны ў Чырвоную кнігу Беларусі 1-га і 2-га выданняў (1981, 1993). Ахоўваецца ў Польшчы[3].
У Беларусі знаходзіцца пад аховай у Шабрынскім біялагічным заказніку.