Цыпрыян Павел Бжастоўскі (1612 — 8 чэрвеня 1688) — вялікалітоўскі дзяржаўны дзеяч, дыпламат[3]. Кашталян (1681—1684) і ваявода троцкі (1684—1688).
Паходзіў з роду Бжастоўскіх герба «Стрэмя», сын Яна Бжастоўскага. Рэгент вялікалітоўскай Канцылярыі (1640—1650), стольнік віленскі (з 1642), пісар дэкрэтавы літоўскі (1645—1650), рэферэндар літоўскі (1650—1681), вялікі пісар літоўскі (1657—1672), кашталян троцкі (1681—1684), ваявода троцкі (з 1684); староста мядзельскі, ашмянскі, субоцкі, аранскі, азяцкі, даўгоўскі, быстрыцкі[3].
Відны дыпламат. Шматразова выбіраўся паслом на соймы, а таксама курыраваў стасункі з Расіяй. Удзельнічаў у перагаворах з маскоўскімі пасламі ў Нямежы (1658), у Андросаве (1663—1664), у заключэнні Андросаўскага перамір’я (1667) пад час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654—1667)[3]. Пасол у Маскве (1671—1672, 1679).
Прыхільнік кандыдатуры рускага цара на польскі трон[3]. У 1671—72 і 1679 выязджаў у Маскву для заключэння саюза супраць Турцыі, удзельнічаў у падпісанні «Вечнага міру» 1686 года[3].
Вёў дзённікі пасольстваў, сабраў 13 тамоў лістоў, рэляцый і іншых гістарычных крыніц[3].
Быў жанаты з Барбарай Дунін-Раецкай, меў дачку Тэрэзу, якая выйшла замуж за кашталяна віцебскага Марцыяна Міхала Агінскага, і пяцярых сыноў.
Своеасаблівым помнікам літаратуры свайго часу з’яўляецца «Дыярыуш дарогі на Камісію ў Вільню 1656 года», складзены Цыпрыянам Паўлам Бжастоўскім. У творы фіксуецца паслядоўнасць населеных пунктаў, што праязджаў аўтар, апісваецца ход перамоў паміж дэлегацыямі ВКЛ і Расіі, адзначаюцца змены ваенна-палітычных абставін у краіне ў час шведскага нашэсця, пераказваецца змест атрыманых дыпламатамі пасланняў, узнаўляюцца іх гутаркі паміж сабой і інш. Не парушаючы каляндарнай паслядоўнасці і не губляючы ніткі асноўнага апавядання, Цыпрыян Павел Бжастоўскі падае нямала звестак пра свае асабістыя заняткі і настрой непасрэдна ў дзелавых паведамленнях. 3 аднолькавай зацікаўленасцю мемуарыст апавядае, як дамаўляліся дыпламаты пра месца перамоў і як сам ён развітаўся з жонкай, якія аргументы прыводзілі бакі ў спрэчцы па пытаннях кніжнай цэнзуры ў ВКЛ, дзе і ў каго ён абедаў, якім быў настрой іншых людзей.
Выпадкі, здарэнні, настроі ў Цыпрыяна Паўла Бжастоўскага стыхійныя, ні з чым не звязаны і нічым не абумоўлены. У ланцугу фактаў быцця бясконцага свету, дзе толькі фіксацыяй месца і часу можна адзначыць аб’ектыўную «прывязку» падзей, чалавек разумеецца і выяўляецца як маленькая часцінка, як падпарадкаваны ўдзельнік усеагульнага руху магутных стыхій. Асоба не супрацьпастаўляецца асяроддзю, а робіцца прыналежнай да руху быцця ў агромістым сусвеце, у чым можна бачыць своеасаблівую праяву барочнага касмізму[4].