Хэ Цзянькуй ( кіт. спр. 贺建奎 , піньінь: Hè Jiànkuí; нар. 1984[1], павет Сіньхуа, Лаўдзі, Хунань, КНР) — кітайскі біёлаг і біяфізік, які заявіў 26 лістапада 2018 года, што шляхам уздзеяння на ген CCR5 дапамог стварыць першых у свеце людзей са штучна змененымі генамі — дзвюх дзяўчынак-двайнят Лулу і Нана, якія, як мяркуецца, неўспрымальныя да вірусу імунадэфіцыту чалавека[2][3][4][5].
У 2002—2006 гадах вучыўся ў Навукова-тэхнічным універсітэце Кітая, затым паступіў у аспірантуру Універсітэта Райса і ў 2010 годзе абараніў дысертацыю па біяфізіке. Затым стажыраваўся ў Стэнфардскім універсітэце пад кіраўніцтвам Стывена Куэйка. Вярнуўшыся ў Кітай у 2012 годзе, атрымаў лабараторыю ў Паўднёвым навукова-тэхналагічным універсітэце ў Шэньчжэні і заснаваў некалькі стартапаў у галіне біятэхналогій.
Асноўны артыкул: Лулу і Нана Кіраўніцтва Паўднёвага навукова-тэхналагічнага ўніверсітэта паведаміла, што не ведала аб доследах свайго супрацоўніка, і мае намер пачаць расследаванне. Акрамя таго, была апублікавана заява, у якой адмаўляецца любое дачыненне ўніверсітэта да гэтага эксперыменту, калі ён праводзіўся. Гэтак жа сцвярджаецца, што Хэ Цзянькуй знаходзіўся ў неаплатным адпачынку яшчэ з лютага 2018 года, яго эксперыменты з эмбрыёнамі зусім дакладна не праходзілі на тэрыторыі ўніверсітэта або ў аплачаныя ўніверсітэцкія гадзіны, і пра іх нічога не было вядома ні кіраўніцтву ўніверсітэта, ні адміністрацыі факультэта біялогіі.
Пасля публічнай крытыкі даследчыка з’явіліся звесткі, што Хэ Цзянькуй знік, і яго месцазнаходжанне невядома[6].
У студзені 2019 года ўлады Кітая пацвердзілі нараджэнне ў Шэньчжэні першых у свеце генна-мадыфікаваных людзей, а таксама тое, што ў дачыненні да біёлага Хэ Цзянькуя пачата расследаванне. Высветлілася, што для атрымання дазволу этычнага камітэта на правядзенне працэдуры былі падроблены дакументы, а супрацоўнікі медыцынскага цэнтра не ведалі, што ўвялі пацыентам генетычна мадыфікаваныя клеткі[7].
У снежні 2019 года Хэ Цзянькуй быў прыгавораны да трох гадоў пазбаўлення волі і штрафу ў 3 млн юаняў за парушэнне заканадаўства ў галіне эксперыментаў з людзьмі і правядзенне медыцынскіх працэдур без ліцэнзіі[8].