wd wp Пошук:

Хвалісты папугай

Хвалісты папугай (Melopsittacus undulatus) — птушка сямейства папугаепадобных.

Знешні выгляд

Невялікія, стройныя даўгахвостыя птушкі. Даўжыня цела 17-19,8 см, крыла — 9,3 — 9,4 см, хваста — 8-10 см; вага 40-45 г. Дзякуючы хвасту візуальна падаецца значна буйнейшым. Асноўная афарбоўка апярэння ахоўнага травяніста-зялёнага колеру. Пярэдняя частка галавы і горла жоўтыя. На шчоках па адной выцягнутай фіялетавай пляме, якія пакрываюць адну з двух-трох размешчаных з кожнай боку горла чорных плямак.

Распаўсюджанне

Хвалістыя папугайчыкі родам з Цэнтральнай Аўстраліі. У выніку селекцыйнай работы выведзена мноства каляровых варыяцый афарбоўкі і апярэння.

Утрыманне ў няволі

Хвалістыя папугайчыкі цудоўна адчуваюць сябе ў клетцы, заўжды вясёлыя, здольныя да пераймання гукаў, добра размнажаюцца ў няволі.

Трымаюць папугайчыкаў у клетцы прамавугольнай формы з мінімальнымі памерамі 60x40x40 см на адну пару, 100x40x40 см на дзве пары. Клетку абсталёўваюць, як для канарэек. Хоць і не ўсе з іх любяць купацца, але купальня ў клетцы патрэбна. Часам папугайчыкі з задавальненнем купаюцца ў мокрай зеляніне.

Кормяць птушак зерневай сумессю (проса, авёс ці аўсяныя крупы, насенне сланечніку, канапель, канарэечнае, льняное семя). Насенне алейных культур павінна складаць не больш як 10—12 % сутачнага рацыёну. 3 дадатковага корму можна даваць кашу, варанае курынае яйцо, тварог, змочаную ў малацэ ці ў вадзе булку, сухары, пячэнне, сухафрукты, а таксама зялёны корм — моркву, яблыкі, зялёнае лісце. У клетцы заўсёды павінен стаяць рачны пясок, перамешаны з тоўчаным мелам ці шкарлупінамі ад яец. Сутачная норма на аднаго папугайчыка — 1 сталовая лыжка (15—20 г) зернясумесі. Размнажацца папугайчыкі пачынаюць ва ўзросце каля года. Лепшы час для іх спароўвання — лета і пачатак восені. За год яны могуць рабіць некалькі носак (ад 3 да 8 яец у кожнай). Для носкі яец птушкам неабходна павесіць гняздо з вонкавага боку клеткі (фанерная скрынка памерам 20x20x25 см) з бакавым лятком, на дно якога насыпаюць апілкі з лісцевых дрэў. Наседжванне яец працягваецца 18—20 сутак. Пары ў папугайчыкаў вельмі дружныя і ствараюцца на ўсё жыццё. Самец увесь час клапоціцца пра самку, корміць яе ў перыяд наседжвання, а потым корміць і птушанят, перыядычна іх саграваючы. Птушаняты, што з’явіліся на свет, на 6—7-я суткі становяцца відучымі, а да месячнага ўзросту пакрываюцца пер’ем і пачынаюць выглядваць з лятка. Прыкладна праз 40 дзён яны свабодна лётаюць і кормяцца, а самка можа пачынаць новую носку.

Каб навучыць папугайчыка гаварыць, птушанят (лепш самца) трэба ўзяць з гнязда незадоўга да вылету і пасадзіць асобна ад астатніх птушак (каб яно не чула іх галасоў) і штучна выкормліваць. Абучэнне і прыручэнне патрабуе цярплівасці, вытрымкі, настойлівасці і блізкага кантакту з птушкай.

Прафілактыка хвароб птушак заключаецца ў выкананні гігіенічных правіл утрымання і догляду, у правільным падборы корму з неабходнай колькасцю мінеральных кампанентаў і вітамінаў. Калі выхаванцы ўсё ж захварэлі (сядзяць натапырыўшыся, хаваюць галаву пад крыло, адмаўляюцца ад корму і г.д.), трэба звярнуцца да ветэрынарнага ўрача[1].

Літаратура

Зноскі

  1. Хваробы хвалістых папугаяў
Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта
Катэгорыя·Папугаепадобныя
Катэгорыя·Віды па-за небяспекай
Катэгорыя·Біялагічныя артыкулы без EOL