Харты́ — пароды паляўнічых сабак старажытнага паходжання. З хартамі палююць на зайцоў, лісоў, ваўкоў. У Еўразіі і Афрыцы вядома больш за 20 парод — рускі, рускі стэпавы, тазы, англійскія і інш. Харты даганяюць (хутка бегаюць), затрымліваюць або душаць звера.
У Беларусі гадуюць сабакаводы-аматары. Найбольш разводзяць рускіх хартоў, выведзеных у Расіі.
Канстытуцыя сухая, моцная. Масць (аднатонная або плямістая) палевая і шэрая розных адценняў, тыгровая, рыжая і чорная. Вышыня ў карку 65-82 см. Шэрсць мяккая, хвалістая або з буйнымі завіткамі. Упрыгожвальныя валасы на шыі, грудзях, парэдніх нагах, хвасце. Галава адносна доўгая, вузкая, вушы невялікія. Жывот моцна падцягнуты. Спіна і паясніца ўтвараюць вягнутую лінію (напружыну). Хвост шаблепадобны.
Тып паводзін ураўнаважаны з характарнай для хартоў рэзкай узбудлівасцю, калі бачыць і гоніць звера. Тыповы алюр — рысь да пад’ёму звера і кар’ер пры пераследаванні.