wd wp Пошук:

Ханна Хірш-Паўлі

Ханна Хірш-Паўлі (шведск.: Hanna Hirsch Pauli; 13 студзеня 1864, Стакгольм29 снежня 1940, Сольна) — шведская мастачка-партрэтыстка.

Біяграфія

Ханна Хірш-Паўлі нарадзілася 13 студзеня 1864 года ў Стакгольме ў сям’і музычнага выдаўца Абрагама Хірша, яе дзядзька — Адольф Хірш быў мастаком-пейзажыстам. Жывапіс дзяўчынка стала вывучаць з дванаццаці гадоў[9].

З дзяцінства Ханна сябравала з Евай Боніер, яны разам вырашылі стаць мастачкамі. Разам вучыліся спачатку ў мастацкай Школе для жанчын у Аўгуста Мальмстрэма, куды Ханна паступіла ў 1880 годзе.

Праз год Ханна была прынятая ў Шведскую Каралеўскую Акадэмію мастацтваў у Стакгольме, дзе таксама вучылася разам з Боніер. Іх аднакурсніцай была таксама Карын Берг, якая ў той час была жонкай Карла Ларсана.

У 1885 Ханна за карціну «Пад лямпай» атрымала ў Каралеўскай акадэміі залаты медаль і стыпендыю для працягу вучобы за мяжой. Увосень гэтага ж года Ханна ў кампаніі з сяброўкай Евай адправілася ў Парыж, дзе яны паступілі ў Акадэмію Каларосі. Там яна вучылася з 1885 па 1887 год у майстэрні Паскаля Данье-Бювера і Рафаэля Коліна. У 1886 годзе ў Барбізоне пазнаёмілася са сваім будучым мужам, мастаком Георгам Паўлі.

У 1887 годзе яны пажаніліся, а мядовы месяц правялі ў Італіі. У 1889 годзе на Сусветнай выставе ў Парыжы Ханна Хірш-Паўлі атрымала медаль за сваю працу «Сябры»[9].

У 1905 годзе Ханна і Георг пабудавалі вілу ў муніцыпалітэце Нака. У сям’і было трое дзяцей: Торстэн, які нарадзіўся ў 1889 годзе, Георг (1891) і Рут (1896). У 1940 годзе яе сын Георг і яго жонка Ліза загінулі ў аўтамабільнай катастрофе.

За сваё творчае жыццё мастачка Ханна Хірш-Паўлі стварыла шэраг партрэтаў мастакоў і пісьменнікаў, якія ўваходзяць у кола яе сяброў і сяброў яе мужа. Сярод іх - жывапісец Карл Нордстрэм, пісьменнік Вернер фон Хейдэнстам, пісьменніца Сельма Лагерлёф (1932, Нацыянальны музей), групавы партрэт «Сябры» (1907, Нацыянальны музей), на якім таксама намаляваная пісьменніца Элен Кей[10].

У 1935 годзе муж і жонка Георг і Ханна Паўлі падарылі калекцыю карцін мастацкаму музею горада Ёнчэпінга.

Ханна Хірш-Паўлі памерла 29 снежня 1940 года.

Зараз творы мастачкі знаходзяцца ў Мастацкім музеі горада Ёнчэпінга, Нацыянальным музеі Швецыі[10], у мастацкім музеі Гётэбарга, у прыватнай калекцыі твораў мастацтва сям’і Боніер.

Адна з вуліц на паўднёвым захадзе Стакгольма названая ў гонар мастачкі - вуліца Ханны Паўлі. У гэтым раёне горада шмат іншых вуліц таксама названыя ў гонар вядомых жанчын першай паловы ХХ стагоддзя.

Галерэя

Літаратура

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 6 7 Hanna Pauli — 1917.
  2. 1 2 18640113 Pauli f. Hirsch // Swedish death index Праверана 27 красавіка 2018.
  3. 1 2 Hanna, f. 1864 i Stockholm // Swedish Census 1880 — Riksarkivet. Праверана 27 красавіка 2018.
  4. Hanna Pauli // RKDartists Праверана 9 кастрычніка 2017.
  5. 1 2 Nacka kyrkoarkiv, Död- och begravningsböcker, SE/SSA/1542/F I/6 (1938-1949), bildid: 00023286_00039 Праверана 21 лютага 2020.
  6. artist list of the National Museum of Sweden — 2016. Праверана 27 лютага 2016.
  7. LIBRIS — 2012. Праверана 24 жніўня 2018.
  8. Hanna Pauli Праверана 19 лютага 2020.
  9. 1 2 HANNA (HIRSCH) PAULI - Clark Art Institute.
  10. 1 2 Artist list of the National Museum of Sweden — 2016.
Тэмы гэтай старонкі (16):
Катэгорыя·Артыкулы пра мастакоў без партрэтаў
Катэгорыя·Артыкулы пра мастакоў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Памерлі 29 снежня
Катэгорыя·Памерлі ў 1940 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы са спасылкамі на элементы Вікідадзеных без подпісу
Катэгорыя·Нарадзіліся 13 студзеня
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1864 годзе
Катэгорыя·Пахаваныя ў лене Стакгольм
Катэгорыя·Выпускнікі Каралеўскай акадэміі вольных мастацтваў (Швецыя)
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Стакгольме
Катэгорыя·Мастакі паводле алфавіта
Катэгорыя·Мастакі Швецыі
Катэгорыя·Памерлі ў лене Стакгольм
Катэгорыя·Жанчыны Швецыі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных