wd wp Пошук:

Хамяк звычайны

Хамяк звычайны (Cricetus cricetus) — від грызуноў сямейства хамяковых.

Апісанне

Параўнальна буйны грызун, велічынёй з пацука, але з кароткім хвастом. Целасклад шчыльны, галава і задняя частка тулава круглявых формаў. Даўжыня цела 180—300 мм, хваста 30-80 мм, ступня 30-45 мм. Маса 150—450 г, зрэдку больш. Вушы круглявыя, невялікія, з белым аблямоўваннем. Поўсць кароткая, густая і мяккая. Афарбоўка рудая, розных адценняў. Ніжняя частка цела заўсёды чорная. Па баках галавы, шыі, лап — белыя плямы.

Пашырэнне

Лесастэпавы від грызуноў. У апошні перыяд замацаваўся на абязлесеных раўнінах, дзе з боку чалавека падтрымлівалася ўстойлівая збожжавая гаспадарка і жывёлагадоўля; жыве ў астраўных антрапагенных ландшафтах. Арэал цягнецца ад Францыі, Бельгіі, Нідэрландаў, Германіі (у гэтых краінах жывуць ізаляваныя групоўкі), па сярэдняй паласе Польшчы да Палескай нізіны. Агінаючы яе з поўдня, праходзіць на поўнач да сярэднярускіх раўнін, Паўднёвага Урала і да Алтая. Паўднёвая мяжа арэала праходзіць па альпійскіх далінах, Прычарнамор’ю, Паволжжу.

Біялогія

Вядзе начны спосаб жыцця, увесну і ўвосень актыўны і днём. Зімоўку праводзіць у стане сну ў норах. Перыядычна прачынаецца і падкормліваецца насеннем культурнай і дзікай травы, назапашанымі ў канцы лета. Радзей зімуе ў капцах бульбы і карняплодаў. Норы глыбокія: зімовыя дасягаюць 2-х м; летнія сталыя, каля 60 см; часавыя — каля 30 см.

Жывуць да 10 гадоў. Спарванне ў красавіку — жніўні. Цяжарнасць 12-20 дзён. Самка нараджае ад 3 да 12 дзіцянятаў. Сталыя асобіны і халастыя самкі вядуць адзінкавы лад жыцця. Сілкуюцца вегетатыўнымі і пладовымі часткамі разнастайных культурных і дзікіх раслін. У нары ўладкоўвае вялікія запасы рознага насення, часам да 20 кг. У склад кормаў таксама ўваходзяць: казуркі, яшчаркі, птушаняты, дробныя грызуны.

У апошнія дзесяцігоддзі колькасць хамяка значна зменшылася ў большасці месцаў еўрапейскай часткі арэала. Хамяк жыве таксама і ў Беларусі, дзе занесены ў Чырвоную кнігу.

У філатэліі

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Віды па-за небяспекай
Катэгорыя·Чырвоная кніга Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта
Катэгорыя·Манатыпныя роды жывёл
Катэгорыя·Хамяковыя
Катэгорыя·Жывёлы, апісаныя ў 1758 годзе