Філіп ІІ Македонскі (грэч.: Φίλιππος) (382 да н.э. — 336 да н.э.) — цар македонскі з 359 да н.э., выдатны палітык, дыпламат і палкаводзец. Найбольш вядомы як бацька Аляксандра Македонскага.
Правёў шэраг рэформаў, пераадолеўшы раздробленасць краіны і ўзмацніўшы яе дзяржаўны лад. Стварыў рэгулярную армію, аснову якой склалі атрады цяжкай кавалерыі і фаланга цяжкаўзброеных пехацінцаў. Распачаў чаканку залатой манеты, заклаўшы аснову эканамічнай магутнасці Македоніі. З 356 да н.э. па 341 да н.э. падпарадкаваў Пеонію, Эпір і Фракію. У ходзе Свяшчэннай вайны ўмяшаўся ў справы Грэцыі. Па ўмовах Філакратава міру (346 да н.э.) Афіны і іншыя грэчаскія полісы прызналі заваяванне Філіпам Фесаліі і Халкідыкі. У 338 да н.э. каля Херанеі Філіп разбіў войска кааліцыі грэчаскіх дзяржаў на чале з Афінамі, усталяваўшы сваю гегемонію над Грэцыяй. З мэтай вядзення вайны супраць Персіі стварыў і ўзначаліў агульнагрэчаскі Карынфскі саюз, але падчас падрыхтоўкі да паходу быў забіты ў выніку змовы.