У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Крыловіч.
Фёдар Андрэявіч Крыловіч (23 сакавіка 1916, Мінск, Расійская імперыя — 7 лістапада 1959, Асіповічы, Магілёўская вобласць, БССР, СССР) — беларускі савецкі партызан, адзін з арганізатараў Асіповіцкага камуністычнага падполля, кіраўнік партызанскай дыверсійнай групы ў гады Вялікай Айчыннай і Другой Сусветнай войнаў у Беларусі.
Нарадзіўся ў сям’і Андрэя Андрэявіча Крыловіча, які працаваў у Мінске чыгуначнікам, кандуктарам цягнікоў.
Паступіў у Віцебскі электратэхнікум, але з-за цяжкага матэрыяльнага становішча сям’і вучобу кінуў. Каб дапамагчы сям’і працаваў адразу у двух месцах: электрыкам на чыгуначнай электрастанцыі ў Асіповічах і адначасова памочнікам упаўнаважанага ў гарадскім аддзеле фізкультуры і спорту.
З 1937 па 1940 гады служыў у радах РСЧА. Скончыў школу сувязістаў ва Ульянаўску, у званні сяржанта ваяваў на Халхін-Голе і ля возера Хасан. Удзельнік савецка—фінляндскай вайны, 1939—1940. Пасля дэмабілізацыі вярнуўся ў Асіповічы.
Застаўся электраманцёрам і пасля прыхода немцаў, якія 30 чэрвеня 1986 года занялі горад Асіповічы — вузлавую станцыю, якая стала падчас акупацыі важнай базай Вермахту. Тут размяшчаліся склады, фарміраваліся ці разгружаліся мноства варожых ваенных эшалонаў.
але ўжо ў ліпені 1941 Ф. Крыловіч наладзіў сувязь з партызанамі, аў жніўні арганізаваў у Асіповічах падпольную камсамольскую групу, якая ўвайшла ў склад Асіповічскага камуністычнага падполля.
Сакратар Магілёўскага падпольнага абкама ЛКСМБ, упаўнаважаны ЦК ЛКСМБ у зоне Асіповічы — Бабруйск Павел Валожын са складу партызанскага атраду «Храбрацы» НКУС БССР (кіраўнік — Аляксандр Маркавіч Рабцэвіч), які дзейнічаў тады ў Бабруйскім і Асіповічскім раёнах Беларусі, вясной 1943 года сустрэўся з Фёдарам Крыловічам і даручыў яму пашырыць масштаб дыверсій і актаў сабатажу на станцыі і ў горадзе, узарваць эшалон з палівам у Магілёскім (Паўночным) вагонным парку станцыі Асіповічы.
Каб атрымаць доступ да эшалона, які прыбыў на станцыю ў ноч на 30 ліпеня 1943 года, падпольшчык пашкодзіў электраправодку уваходнага светлафору, а калі яго выклікалі для рамонту, усталяваў дзьве міны на цыстэрнах у пачатку і канцы чыгуначнага саставу ворага. У выніку выбуху і ўзнікшага пасля яго пажару былі знішчаны адразу чатыры ваенных эшалоны з боепрыпасамі і тэхнікай: згарэлі 63 вагоны са снарадамі, авіябомбамі, танкамі «Тыгр» і «Пантэра», 23 платформы з бензінам, 8 цыстэрнаў з аўтамаслам, 15 вагонаў с запасамі харчавання, 5 паравозаў, кран для падачы вуглю, вугальны склад, станцыйныя пабудовы[1]. Загінула каля 50 нямецкіх салдатаў[2]. Напрацягу 10 гадзін над горадам бушавала полымя. Спужаўшыся выбухаў, разбеглася і ахова размешчанага паблізу лагера ваеннапалонных, а зняволеныя сыйшлі ў лес да партызанаў.
Праведзеная аперацыя, вядомая як «Дыверсія Крыловіча» стала адной з буйнейшых дыверсій усёй Другой сусветнай вайны. У фундаментальным творы «Гісторыя Другой сусветнай вайны 1939—1945» 9Москва, 1976, том 7, с. 314) сказана:
«…у ноч на 30 ліпеня камсамолец-падпольшчык Фёдар Крыловіч з аператыўнай групы „Храбрацы“ здзейсніў на Магілёўскім чыгуначным вузле буйную дыверсію.»
Пасля выбуху Фёдар Крыловіч сыйшоў з гораду у 1-ую Бабруйскую партызанскую брыгаду, камандаваў якой В. І. Лівенцаў. Узначаліў у атрадзе дыверсійную групу, здзейсніў шэраг паспяховых аперацый. Атрымаў некалькі раненняў і кантузій.
За паспяховае правядзенне гэтай аперацыі Фёдар Крыловіч, пазней, у 1949 годзе быў узнагароджаны ордэнам Леніна.
Пасля заканчэння вайны з верасня 1945 года працаваў старэйшым электраманцёрам на станцыі Асіповічы. Памер у 1959 годзе ў беднасці і забыцці, не дачакаўшыся прызнання яго заслуг[3].
Фёдар Андрэевіч Крыловіч на «Радаводзе». Дрэва продкаў і нашчадкаў
Крылович Федор Андреевич (руск.) // Праект «Партызаны Беларусі»
Інстытут беларускай гісторыі і культуры. Герой и люди вокруг: Федор Крылович]
Косенко А. Имя героя-подпольщика у памяти в строю (руск.) // Сайт КПБ