wd wp Пошук:

Фема Месапатамія

Фемы Малой Азіі ў 950 годзе

Месапатамія (грэч.: Μεσοποταμία) — назва візантыйскай фемы (адміністрацыйна-прававое ўтварэнне), размешчанай на тэрыторыі Усходняй Турцыі. Фему не варта блытаць з рэгіёнам Месапатамія ці з рымскай ранневізантыйскай правінцыяй Месапатаміяй. Візантыйская фема была размешчана паміж рэкамі Арацані (сучасная рака Мурат) і Цымісгезек.

Гісторыя

Фема была створана, верагодна, паміж 899 і 911 годам, калі імператар Леў VI Мудры прызначыў былога стратыга Харсіяна па імі Арэст намеснікам гэтай вобласці[1][2]. Большая частка правінцыі была створана з армянскага княства Такіс, якім кіраваў правадыр Мануіл. Мануіл і яго чатыры сыны былі вымушаны саступіць свае ўладанні Візантыйскай імперыі ў абмен на тытулы і маёнткі ў іншых фемах. Населеныя армянамі раёны Келтзен (аддзелены ад фемы Халдыя) і Камаха (частка фемы Каланея) былі затым далучаны да Такіса для ўтварэння новай фемы[3][4]

Хоць імператар Канстанцін VII Парфірародны згадвае, што да ўтварэння фемы Месапатамія, на яе тэрыторыі размяшчалася «неназваная клісура», ёсць доказы, якія сведчаць пра больш раннюю візантыйскую прысутнасць[4]. Пячатка спафарыя і стратыга Месапатаміі была аднесена прыблізна да 810 годзе, што, магчыма, сведчыць пра нядоўгае існаванне фемы раней, а пячатка турмарха з армянскім імем Мусілік папярэдне датуецца прыкладна 870 годам[5].

Такім чынам, магчыма, Месапатамія, была сфарміравана ў канцы IX стагоддзя з армянскага княства як частка (турма) нейкай фемы, якая кіравалася князем з візантыйскім тытулам да стварэння паўнавартаснай фемы. Гэта можа таксама растлумачыць своеасаблівы звычай стратыга: да 911 года яго дараванне паступала не з імператарскай казны, а з мытных даходаў даручанай яму вобласці[4].

Намеснікі Месапатаміі працягвалі прызначацца на працягу ўсяго X стагоддзя, суіснуючы з новай пасадай «дукса Месапатаміі», створанай каля 975 года. У адрозненне ад стратыга, дукс быў рэгіянальным военачальнікам, які кіраваў цэнтральнай часткай усходняй мяжы Візантыі[2][6]. У XI стагоддзі, большасць дуксаў Месапатаміі былі родам з Арменіі, у тым ліку Грыгар Магістрас і яго сын. У перыяд пасля бітвы пры Манцыкерце ў 1071 годзе імператар Міхаіл VII Дука спрабаваў аднавіць візантыйскую ўладу ў гэтым рэгіёне, але яна была канчаткова захоплена туркамі-сельджукамі[2].

Зноскі

  1. McGeer, Nesbitt & Oikonomides 2001, p. 134
  2. 1 2 3 Kazhdan 1991, p. 1348
  3. Charanis 1963, p. 29
  4. 1 2 3 McGeer, Nesbitt & Oikonomides 2001, pp. 134–135
  5. McGeer, Nesbitt & Oikonomides 2001, pp. 140–142
  6. McGeer, Nesbitt & Oikonomides 2001, p. 135; Holmes 2005, pp. 322–330.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (2):
Катэгорыя·Візантыйскія фемы
Катэгорыя·Месапатамія