Усевалад Эмільевіч Меерхольд (руск.: Все́волод Эми́льевич Мейерхо́льд, сапраўднае — Карл Казімір Тэадор Маергольд, 28.1(9.2).1874, Пенза — 2 лютага 1940, Масква) — савецкі рэжысёр і акцёр, народны артыст Рэспублікі (1923).
Нарадзіўся 28 студзеня (9 лютага) 1874 года ў Пензе ў сям’і прадпрымальніка, выхадца з Германіі. У 1895 годзе паступіў на юрыдычны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта, у 1896 годзе — на 2-і курс драматычнага класа Музычна-драматычнага вучылішча Маскоўскага філарманічнага таварыства; пасля заканчэння ў 1898 годзе ўвайшоў у трупу Маскоўскага Мастацкага тэатра. Найбольш значныя ролі Меерхольда — Траплёў, Тузенбах («Чайка», «Тры сястры» Чэхава), Ёганэс («Адзінокія» Гаўптмана), Мальволіа, прынц Арагонскі («Дванаццатая ноч», «Венецыянскі купец» Шэкспіра). У 1902 годзе Меерхольд сышоў з ММТ; да 1905 года ўзначальваў арганізаванае ім «Таварыства новай драмы» (Херсон, Нікалаеў, Тбілісі), дзе выступіў і як рэжысёр.
У 1922-1924 гадах Меерхольд быў мастацкім кіраўніком маскоўскага Тэатра Рэвалюцыі. Пасля закрыцця Тэатра імя Меерхольда (1938) К. С. Станіслаўскі прыцягнуў Меерхольда да працы ў оперным тэатры.
20 чэрвеня 1939 года Меерхольд быў арыштаваны ў Ленінградзе. Пасяджэнне Ваеннай калегіі Вярхоўнага Суда СССР адбылося 1 лютага 1940 года. Калегія прысудзіла рэжысёра да расстрэлу. 2 лютага 1940 года прыгавор быў прыведзены ў выкананне. Пахаваны ў агульнай магіле на Данскіх могілках.
У 1955 годзе Вярхоўны суд СССР пасмяротна рэабілітаваў Меерхольда.