У́льскі сельсавет — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці. Цэнтр сельсавета — аграгарадок (да 2009 года пасёлак) Ула.
Утвораны 20 жніўня 1924 года ў складзе Ульскага раёна Полацкай акругі БССР. Цэнтр — мястэчка Ула. Пасля скасавання акруговай сістэмы 26 ліпеня 1930 года ў Ульскім раёне БССР. З 8 ліпеня 1931 года ў складзе Бешанковіцкага раёна БССР, з 20 лютага 1938 года — Віцебскай вобласці. 27 верасня 1938 года Ула атрымала статус гарадскога пасёлка. З 9 верасня 1946 года сельсавет у складзе адноўленага Ульскага раёна. 16 ліпеня 1954 года цэнтр сельсавета перанесены ў вёску Фролкавічы, сельсавет перайменаваны ў Фролкавіцкі сельсавет[1]. З 17 снежня 1956 года сельсавет у складзе Бешанковіцкага раёна. 16 верасня 1957 года скасаваны, тэрыторыя далучана да Сокараўскага сельсавета[2].
8 красавіка 2004 года Ульскі пассавет рэарганізаваны ў сельсавет у сувязі з аднясеннем гарадскога пасёлка Ула да катэгорыі сельскіх населеных пунктаў (пасёлак), у склад сельсавета ўключаны пасёлак Ула, 12 населеных пунктаў, якія знаходзіліся ў адміністрацыйным падпарадкаванні Ульскага пассавета (Бортнікі 1, Бортнікі 2, Броды, Дворнікі, Дубішча, Зарэчча, Зорнікі, Паніззе, Узрэчча, Ульянаўка, Фролкавічы, Шавурына), і 15 населеных пунктаў скасаванага Сокараўскага сельсавета (Бычкова, Галі, Гарані, Дыбалі, Ермалаўшчына, Жданова, Марцінава, Мураўшчына, Паўазер’е, Прудзіны, Сапегі, Слабада, Сокарава, Хоціна і Шапчына)[3].
Насельніцтва сельсавета паводле перапісу 2009 года — 1886 чалавек[4], з іх 91,9 % — беларусы, 6,3 % — рускія, 1,0 % — украінцы[5].