Уладзімір Аляксеевіч Кобец (нар.7 лістапада 1971, Слонім) — беларускі грамадска-палітычны дзеяч, адзін з заснавальнікаў і каардынатараў руху «Зубр», кіраўнік ініцыятыўнай групы кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Андрэя Саннікава ў 2010 годзе.
Пасля школы, ў 1989 г., скончыў БДУ па спецыяльнасці «географ-эколаг». Мае два дыпломы дыстанцыйных курсаў шведскага ўніверсітэта Упсала — «Народанасельніцтва Балтыі» і «Навакольнае асяродзе рэгіёна Балтыйскага мора». Быў накіраваны на працу ў Мінскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзя. У 1999 годзе пераведзены ў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзя. Член Беларускага геаграфічнага таварыства.
Быў членам управы БНФ і ўзначальваў адну з раённых структур. У 2000 г. з адзнакай скончыў Акадэмію кіравання пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці «менеджар-эканаміст». У тым жа годзе пакінуў дзяржаўную службу і стаў адным з заснавальнікаў і каардынатараў руху «Зубр».
Падчас выбараў кандыдата ў Прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь 2010 г. — кіраўнік ініцыятыўнай групы кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Андрэя Саннікава.
Бвў затрыманы аператыўнікамі КДБ праз два дні пасля Плошчы-2010 ў 15.30 21 снежня 2010 года. Прад’яўлена абвінавачанне па 1 і 2 частках артыкула «Масавыя беспарадкі». Утрымліваўся ў СІЗА КДБ. У ноч на 27 студзеня 2011 года адпушчаны пад падпіску аб нявыездзе. 29 жніўня Уладзімір Кобец атрымаў па пошце пастанову пра закрыццё супраць яго крымінальнай справы, а таксама дазвол зноў выязджаць за межы краіны.
У верасні 2011 г. напісаў у СМІ ліст, з якога вынікала, што Уладзімір Кобец пакінуў Беларусь. Прычынамі гэтага, паводле яго слоў, сталі ціск і катаванні падчас знаходжання ў СІЗА, а пазней — пагрозы яго сям’і пасля вызвалення пад падпіску. Кобец заявіў пра спробы яго вярбоўкі.[1]
Зараз знаходзіцца ў Варшаве. Працуе сустаршынёй Беларускага дома ў Варшаве.