У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Ананька. Уладзімір Іосіфавіч Ананька (нар. 4 красавіка 1929, Мінск — 1986[1]) — беларускі скульптар.
У 1947—1948 гадах вучыўся ў Мінскім будаўнічым тэхнікуме, у 1948—1952 гадах у Мінскім мастацкім вучылішчы. З 1957 года ўдзельнічаў у выстаўках: рэспубліканскіх, усесаюзных, замежных і міжнародных. Скончыў у 1959 годзе Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (выкладчыкі па спецыяльнасці: А. А. Бембель, А. К. Глебаў)[2].
Працаваў у вобласці станковай і манументальнай скульптуры. Вялікае месца ў яго творчасці займаў партрэт[2].
Асноўныя творы: «Партрэт дзяўчыны» (1962), «Партрэт бацькі» (1963), партрэты У. І. Леніна (1964), Я. Коласа (1968), Ф. Дзяржынскага (1968), Героя Савецкага Саюза І. Казінца (1970), К. Маркса (1970). Вядомыя яго кампазіцыйныя працы — «1905 год» (1957), «Даярка» (1959), «Каваль» (1962), а ў вобласці манументальнай пластыкі — помнік беларускай партызанцы Фені Конанавай у Любані Мінскай вобласці (1965—1967; у суаўтарстве з архітэктарамі В. Занковічам і Л. Левіным), помнік партызанам у вёсцы Чонкі Гомельскай вобласці (1962—1963; у суаўтарстве з архітэктарамі В. Занковічам і Л. Левіным), надмагільны помнік народнаму паэту БССР Я. Коласу (1970; у суаўтарстве са скульптарам М. М. Якавенкам і архітэктарам М. Г. Мызнікавым)[2].