Тэатр Дуніна-Марцінкевіча ― першы прафесійны беларускі тэатр, створаны пісьменнікам і драматургам Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам.
У канцы 1840-х гадоў беларуска-польскі драматург В. Дунін-Марцінкевіч, сабраўшы групу з 20 чалавек, паспрабаваў арганізаваць прафесійны тэатр. Ля Івянца, у сваім маёнтку Люцынка, ён стварыў трупу, якая паказвала яго п’есы на беларускай і польскай мовах ― «Чарадзейная вада», «Рэкруцкі жыдоўскі набор», «Спаборніцтва музыкаў», «Ідылія», ― некатарыя суправаджаліся музыкай Станіслава Манюшкі і Косткі Кжыжаноўскага. Акрамя Люцынкі, спектаклі паказваліся ў Мінску, часам у Глуску. Першы тэатральны паказ у Мінску быў дадзен 9 лютага 1852 года. Акрамя самага Дуніна-Марцінкевіча, у спектаклях былі задзейнічаны члены яго сям’і, суседзі, сяляне, вучні мясцовай школы. Тэатр існаваў да 1856 года[1][2].
Як працяг тэатра пісьменніка, працуе Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.