«Тры філосафы» — карціна Джарджонэ 1505—1509 гадоў, адна з апошніх прац майстра, скончаная за год да яго смерці. У наш час захоўваецца ў Музеі гісторыі мастацтваў (Вена). Напісана па заказе венецыянскага купца Тадэа Кантарыні, які захапляўся алхіміяй і акультызмам. Працу над карцінай завяршыў Себасцьяна дэль П’ёмба.
На карціне намаляваны тры філосафы розных узростаў — юнак, мужчына сярэдніх гадоў і стары. Цяперашняя назва ўзята з «Запісак» Маркантоніа Мікіэля, які бачыў карціну ў адным з венецыянскіх дамоў[1]. Тры персанажы ўвасабляюць старажытнагрэчаскую філасофію (стары), арабскую (сталы мужчына) і філасофію Адраджэння (юнак на фоне прыроднага ландшафту). На заднім плане бачная вёска, удалечыні — горы з нейкай сіняй вобласцю, значэнне якой невядома. Юнак вывучае пячору, намаляваную ў левай частцы карціны, з дапамогай вымяральнага інструмента. Традыцыйная трактоўка карціны, паводле якой яна адлюстроўвае трох вешчуноў у Пячоры Раства, да канца XIX стагоддзя большасцю навукоўцаў прызнана памылковай[2].
Інтэрпрэтацыі карціны Джарджонэ розныя. Найбольш распаўсюджаным з’яўляецца тлумачэнне карціны, як алегорыі перадачы ведаў старажытнагрэчаскай філасофіі праз арабскія пераклады італьянскаму Адраджэнню. Стары ў гэтым выпадку можа прадстаўляць Платона ці Арыстоцеля, араб — Авіцэну, Ібн Рушда ці іншага навукоўца Залатога веку ісламу[3], юнак — навуку Адраджэння, якая сыходзіць каранямі ў мінулае і ўзіраецца ў цемру пячоры, якая захоўвае невядомыя сакрэты, якая ў сваю чаргу можа сімвалізаваць канцэпцыю Платонавай пячоры[4].
Маюцца і іншыя гіпотэзы анконт персанажаў. Адны бачылі ў іх Эвандра з Палантам, якія паказваюць Энею будучае месца Рыма[5], іншыя — цара Саламона, Хірама Вялікага і Хірама Абіфа[6].
Пастава юнака мае форму прамавугольнага трохвугольніка, што можа служыць адсылкай да тэарэмы Піфагора. У гэтым выпадку персанажы справа могуць адлюстроўваць Ферэкіда і Фалеса, настаўнікаў Піфагора[7]. Паводле іншай версіі стары філосаф адлюстроўвае Арыстарха Самаскага[8].
Іншыя гіпотэзы прапануюць інтэрпрэтацыі персанажаў у якасці трох стадый чалавечага жыцця (юнацтва, сталасць, старасць), або трох эпох еўрапейскай цывілізацыі (антычнасць, Сярэднявечча, Адраджэнне), або трох аўраамічных рэлігій (іўдаізм, іслам, хрысціянства), або некаторае спалучэнне названых канцэпцый.
На лісце ў руках старога філосафа бачнае слова «зацьменне» і астранамічная дыяграма. Вялікае злучэнне Юпітэра і Сатурна 1503 года і сонечнае зацьменне ў тым жа годзе лічыліся прыкметамі хуткага прышэсця Антыхрыста, што дазволіла высунуць гіпотэзу пра апакаліптычную тэматыку карціны[9].