Піфаго́р сын Мнесарха (Πυθαγόρας τοῦ Μνησάρχου, 576, востраў Самас — 496 да н.э., Метапонт): старажытнагрэчаскі філосаф, заснавальнік піфагарэйства.
Звесткі пра яго жыццё і дзейнасць маюць пераважна легендарны характар. На 5-ы год праўлення Палікрата ён пераехаў у Кратон, дзе заснаваў рэлігійнае брацтва, у якім навучаў пра правілы маральнай чысціні, містыку лікаў, гармонію сфер і адраджэнне пасля смерці. Яго вучэнне і палітычная дзейнасць выклікалі процідзеянне, і ён быў вымушаны, ужо ў сталым узросце, перасяліцца ў Метапонт. Вучэнне Піфагора заставалася папулярным да позняй антычнасці.
Піфагору прыпісваецца доказ тэарэмы аб суадносінах бакоў прамавугольнага трохвугольніка. З яго іменем звязваюць вучэнні пра цотныя і няцотныя, простыя і састаўныя лікі, пра арыфметычныя, геаметрычныя і гарманічныя прапорцыі і сярэднія.
Існуе шмат скульптурных і іншых выяў Піфагора, але ні адна з іх не прызнаецца верагоднай, бо ўсе выявы, прыдатныя для партрэтнага даследавання, былі створаны не раней за сяр. 5 ст. да н.э.. Мяркуецца, што ён быў прыгожы, меў звычку насіць доўгую бараду, а на галаве залатую дыядэму, і апранацца на ўсходні лад[2].