wd wp Пошук:

Трыпуцінскія выступленні сялян

Трыпуцінскія выступленні сялян 1834—1836 — хваляванні сялян Трыпуцінскага староства Мсціслаўскага павета, выкліканыя жорсткай арэнднай сістэмай кіравання дзяржаўнымі маёнткамі.

Перадумовы

Паводле рэвізіі 1807 г., у старостве 12 вёсак, 704 душы мужчынскага полу. Пажыццёвым уладальнікам, на ўмовах выплаты арэнды, быў Цеханавецкі. У час голаду 18201821 гг. Магілёўская казённая палата не аказала сялянам дапамогі; некалькі сялян памерла, каля 150 чал. збегла. Пры расследаванні гэтай сітуацыі вінаватыя атрымалі фармальныя спагнанні. 3 1827 г., калі арандатарам стаў генерал Р. Ф. Гернгрос, становішча сялян пагаршалася.

Ход падзей

У 1834 г. у лесе каля в. Трыпуціна адбыўся сялянскі сход, на якім быў прыняты грамадскі прысуд аб скарачэнні паншчыны на 2 дні ў тыдзень. У адказ Гернгрос перавёў сялян у дваровыя парабкі і стаў разбураць іх хаты. Яго слугі, верагодна, мелі дачыненне да пажару ў 1835 г. у в. Трыпуціна. У 1836 г. праз хадака Н. Афанасьева сяляне падалі прашэнне імператару Мікалаю I аб вызваленні іх ад злоўжыванняў арандатараў. У красавіку жандары арыштавалі сялянскіх правадыроў Міхайлава і Якімава, але па дарозе ў Мсціслаў сяляне іх адбілі. Сялянская грамада выбрала новага валаснога старшыну і іншых службовых асоб. Улады ўвялі ў староства роту салдат. Пра хваляванні ў Трыпуцінскім старостве 3-е аддзяленне імператарскай канцылярыі паведаміла імператару.

Вынікі

Ваенны суд прыгаварыў 14 чал. да павешання, якое генерал-губернатар Г. І. Бажанаў замяніў на пакаранне шпіцрутэнамі. 56 актыўных удзельнікаў аддадзены ў салдаты або адпраўлены на пасяленне ў Сібір. У літаратурных даследаваннях выказвалася версія пра адлюстраванне трыпуцінскіх падзей у беларускай парадыйна-сатырычнай паэме «Энеіда навыварат».

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·1836 год у Беларусі
Катэгорыя·Паўстанні ў Беларусі
Катэгорыя·Мсціслаўскі павет
Катэгорыя·Сялянскія паўстанні
Катэгорыя·1834 год у Беларусі
Катэгорыя·1835 год у Беларусі
Катэгорыя·Гісторыя Магілёўскай вобласці