У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Агафоненка. Таіса Паўлаўна Агафо́ненка (нар. 29 сакавіка 1927, г. Кляшчэлі[1], або в. Волька Выганоўская[2][3], Беластоцкае ваяводства, Польшча) — майстар мастацкага саломапляцення. Дачка Веры Ільінічны Гаўрылюк[1].
Нарадзілася ў сям’і Паўла Іванавіча і Веры Ільінічны Гаўрылюкоў (у дзявоцтве Карпюк). Бацькі нарадзіліся недалёка ад Белавежскай пушчы. Бацька ўдзельнічаў у стварэнні ў сваёй вёсцы тэатральных пастановак, збіраў фальклор[3]. Калі пасля Другой сусветнай вайны Беласточчыну перадалі Польшчы, Гаўрылюкі выехалі ва Украіну, але ўрэшце вярнуліся ў Брэст[3].
Скончыла ў 1957 годзе Мінскае мастацкае вучылішча[1]. Вучылася ў А. Мазалёва, П. Масленікава[4][2]. З 1965 года працуе на Мінскай мастацка-галантарэйнай фабрыцы, дзе заснавала промысел саломапляцення[1].
Удзельнік мастацкіх выставак з 1960 года. Член Беларускага саюза мастакоў з 1986 года. Жыве ў Мінску[4].
Майстар дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, рабіла роспіс па тканіне, апошнія гады працуе ў тэхніцы саломкі[2][4].
Аддае перавагу кампазіцыям на матывы народных святаў і абрадаў, анімалістычнаму жанру[1].
Асноўныя творы: кампазіцыі «Маладая маці», «Па грыбы», «Пастух», «Гануля», «Ехаў дзед на кірмаш», «Каляднікі», «Настачка», шматлікія саламяныя конікі і павукі. Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Музеі старажытнабеларускай культуры НАН Беларусі[2][4].