wd wp Пошук:

Тарсіла ду Амарал

Тарсіла ду Амарал (парт.-браз. Tarsila do Amaral; 1 верасня 1886, Капівары — 17 ліпеня 1973, Сан-Паўлу) — бразільская мастачка, адна з галоўных фігур бразільскага мадэрнізму.

Біяграфія

Нарадзілася ў бацькоўскай сядзібе, у багатай сям’і землеўладальнікаў і гаспадароў кававых плантацый. Вучылася і ўпершыню адчула цягу да жывапісу ў Барселоне, куды ў юнацтве прыехала разам з бацькамі. З 1916 вучылася ў Сан-Паўлу разьбярству, а затым жывапісу і малюнку. Занадта кансерватыўныя выкладчыкі яе не задавальнялі, і ў 1920 яна пераехала ў Парыж, паступіла ў Акадэмію Жуліяна. У 1922 удзельнічала ў групавой выставе ў Парыжы.

Вярнуўшыся ў Сан-Паўлу ў 1922, зблізілася з бразільскімі пісьменнікамі і мастакамі-мадэрністамі — Анітай Малфаці, Марыа дэ Андрадэ, Освалдам дэ Андрадэ, Менаці дэль Пік’я. Яны ўтварылі групу Пяцёра, якая стала цэнтрам і рухаючай сілай бразільскага мадэрнізму.

У 1923 годзе мастачка ненадоўга вярнулася ў Парыж, брала ўрокі ў Альбера Глеза, Андрэ Лота, Фернана Лежэ. Цікавасць яе французскіх настаўнікаў да архаікі і прымітывізму падштурхнула мастачку звярнуцца да бразільскіх народных традыцый.

Пасля вяртання на радзіму, разам з Освалдам дэ Андрадэ шмат ездзіла па Бразіліі, вывучаючы мясцовыя традыцыі і народныя рамёствы. Ілюстравала кнігі Андрадэ. У 1926 годзе яны ажаніліся. Муж і жонка падарожнічалі па Еўропе і Блізкім Усходзе. У тым жа 1926 у Тарсілы ду Амарал адбылася ў парыжскай галерэі Персье першая персанальная выстава. Яна зблізілася з сюррэалістамі. Разам з мужам развівала своеасаблівую філасофію антрапафагіі — разуменне Бразіліі як позняй культуры, якая жывіцца культурамі-папярэдніцамі, ад архаічных афраамерыканскіх да найноўшых еўрапейскіх. У 1929 годзе персанальныя выставы мастачкі прайшлі ў Рыа-дэ-Жанейра і Сан-Паўлу, яна ўдзельнічала ў калектыўных выставах у Нью-Ёрку і Парыжы. У 1930 шлюб Тарсілы ду Амарал і Асвалда дэ Андрадэ распаўся, і Андрадзе ажаніўся з пісьменніцай і журналісткай Пагу.

У 1931 годзе мастачка наведала СССР, выстаўлялася ў ГМНЗІ ў Маскве, ездзіла па краіне. Вярнуўшыся на радзіму ў 1932 годзе, далучылася да левых сіл у іх супрацьстаянні дыктатарскаму рэжыму Жэтуліу Варгаса, уключаючы Канстытуцыяналісцкую рэвалюцыю. Была арыштаваная, месяц правяла ў турме. Звярнулася да сацыяльнай тэматыкі. З 1938 года жыла ў Сан-Паўлу.

Удзельнічала ў першых біенале ў Сан-Паўлу, у Венецыянскай біенале (1964). Пахаваная на могілках Кансаласан у г. Сан-Паўлу.

Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·Нарадзіліся 1 верасня
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Памерлі 17 ліпеня
Катэгорыя·Памерлі ў 1973 годзе
Катэгорыя·Артыкулы пра мастакоў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Артыкулы пра мастакоў без партрэтаў
Катэгорыя·Мастакі паводле алфавіта
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1886 годзе