Дзяржаўная ўстанова адукацыі «Талькаўская базавая школа» — былая ўстанова адукацыі ў в. Талька Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці. У 2016 годзе была зачынена[1].
Адчынілася Талькаўская (Слабода-Талькаўская) школа ў 1912 годзе. Першай настаўніцай была Аляксандра Ржэцкая. У пачатку 20-х гг. у Тальцы было 3 школы: беларуская (Слабода-Талькаўская), у якой настаўнічалі Ярмак Людміла і Жлобіч Іван; Талькаўская польская — Альшамоўская Алена і Тамашэўская Браніслава, і яўрэйская, дзе працаваў Кантаровіч Абрам.
У 1920-я гг. школа была пачатковай. У 1927 годзе стала сямігадовай.
У 1932 годзе быў пабудаваны першы будынак сучаснай школы, да гэтага часу яна размяшчалася ў наёмных памяшканнях, кіраваў будаўніцтвам загадчык школ Феафіл Зіноўевіч Ермалінскі.
У 1937 годзе Талькаўская школа пачала пераход да дзесяцігодкі, і ў 1939 годзе адбыўся першы выпуск 10 класа[2].
У 2003 годзе ў школе навучалася 113 вучняў і працаваў 21 настаўнік[3].