У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Рубанаў. Сяргей Фёдаравіч Руба́наў[1] (7 кастрычніка 1914, в. Жабыкі, Дубровенскі раён[2] — 1987, Слуцк) — дырэктар школы № 10 Слуцка, заслужаны настаўнік БССР (1957), кандыдат педагагічных навук (1969), Герой Сацыялістычнай Працы. Бацька Аляксандра Рубанава[3] і Уладзіміра Рубанава[1].
Нарадзіўся ў сям’і селяніна. У 1930 годзе скончыў Ляднянскую сямігодку, працаваў настаўнікам, вучыўся ў Мсціслаўскім педагагічным тэхнікуме. Пасля яго заканчэння працаваў у школах Слуцкага раёна і працягваў завочна вучыцца ў педінстытуце пры Беларускім дзяржаўным універсітэце. З 1939 па 1946 год знаходзіўся ў Савецкай Арміі. Удзельнічаў у Фінскай і Вялікай Айчыннай войнах. Удзельнік абароны Ленінграда[3][4].
У 1948 годзе завочна скончыў Маскоўскі дзяржаўны педінстытут[2]. З гэтага года і па студзень 1987 года — дырэктар СШ № 10 горада Слуцка[3].
С. Ф. Рубанаў у складзе дэлегацыі прадстаўнікоў народнай адукацыі быў у Польшчы, Балгарыі, ГДР, Англіі. Ён вывучаў стан народнай адукацыі і выкладанне матэматыкі, а затым выступаў з паведамленнямі перад настаўнікамі школы і выказваў свае думкі ў артыкулах, надрукаваных у часопісе «Матэматыка ў школе»[4].
Памёр у 1987 годзе, пахаваны ў Слуцку[3].
С. Ф. Рубанаву першаму з педагогаў Беларусі[4] прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы. Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны I, II ступені, медалямі. Заслужаны настаўнік БССР (1957). Кандыдат педагагічных навук (1969)[2][3][5]
З 1988 года сярэдняя школа № 10 Слуцка носіць імя Сяргея Фёдаравіча Рубанава[7].