Сяргей Розмысл (29 верасня 1905, Санкт-Пецярбург — 28 жніўня 1969, Аўстралія) — беларускі грамадскі дзеяч.
Нарадзіўся ў Санкт-Пецярбургу ў сям’і паштальёна з Гродзеншчыны, якая ў 1922 годзе вярнулася ў Беларусь і пасялілася ў Гудзінішках (цяпер Воранаўскі раён). Удзельнік Беларускай краёвай абароны. Дэлегат на Другі Усебеларускі кангрэс ад Лідскай акругі.
У 1944 годзе выехаў у Германію. Удзельнічаў у XII Пленуме БЦР, які адбыўся 9 мая 1948 года ў Эльвангене, на якім Беларуская цэнтральная рада была абвешчана «выканаўчым і прадстаўнічым на эміграцыі органам незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі».
У 1950 годзе, адзін без сям’і, пераехаў у Аўстралію. Адзін са стваральнікаў аддзела Беларускага аб’яднання ў Аўстраліі ў Мельбурне, у якім займаў розныя пасады, у тым ліку і старшыні краёвага штаба (1955—1969).
Удзельнік Беларускага школьнага камітэта ў Мельбурне ў другой палове 1950-х гадоў. Член царкоўнай рады парафіі Святой Ефрасінні Полацкай (БПЦ) у Мельбурне. Удзельнік Беларускага Цэнтральнага Камітэта ў Вікторыі, Беларускага аб’яднання ў Вікторыі. Член Дэлегатуры БЦР у Аўстраліі.
Трагічна загінуў у аўтамабільнай катастрофе. Пахаваны на могілках Спрынгвейл у Мельбурне.
Вялікае ліставанне Розмысла захавалася ў архіве Дзмітрыя Касмовіча.