У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Абрамаў. Сямён Ціханавіч Абра́маў (нар. 25 чэрвеня 1936, в. Слабада, Гжацкі раён, Смаленская вобласць, РСФСР) — беларускі мастак. Член Саюза мастакоў СССР з 1970 года. Працуе ў галіне станковага жывапісу, графікі і манументальнага мастацтва.
Нарадзіўся 25 чэрвеня 1936 года ў вёсцы Слабада Смаленскай вобласці. У 1957 годзе скончыў Горкаўскае мастацкае вучылішча, дзе праходзіў навучанне пад кіраўніцтвам М. Вядзенскага. Дыпломная праца — графічная кампазіцыя «На рэпетыцыі»[1]. З 1957 па 1958 год выкладаў маляванне і чарчэнне ў сярэдняй школе горадзе Кызыл, Тувінскай АССР.
Член Беларускага саюза мастакоў з 1970 года[2].
З 1961 года бярэ ўдзел у мастацкіх выставах рознага ўзроўню[3]. Працуе ў станковым жывапісе ў жанрах карціны, пейзажа, нацюрморта, партрэта, акварэлі, манументальна-дэкаратыўным мастацтве[2].
Сярод яго твораў — «Восеньскі матыў» (1964), «Тут стаялі да смерці» (1965), «Горны паток. Саяны» (1966), «Заўсёды на варце» (1967), «На Бабруйскім суднарамзаводзе», «Судак. Генуэзская крэпасць» (1969), «Беларускі шынны» (1970)[1].
Цыклы жывапісных карцін «Сталіцы» і акварэляў «Рэха вайны», «Новы Бабруйск», «На варце мірнага неба»; серыя, прысвечаная 200-годдзю А. С. Пушкіна; палотны «Раніца на Капры», «Свята працы на Енісеі», «Восень у гарах», вітражы для прафілакторыя завода «Фермаш» і шыннага завода ў Бабруйску, габелен «Сказ аб Бабруйску»[2].
Работы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. Масленікава, Чалябінскай карціннай галерэі, фондах Беларускага Саюза мастакоў, аб’яднанні «Цэнтральны Дом мастака» ў Маскве, Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь у Мінску[2].